Старонка:Домбі і сын.pdf/449

Гэта старонка была вычытаная

думкі, калі ён проста мне гаворыць, што мне дадзена гэтае даручэнне. Вам вядома, з якой абыякавасцю ён ставіцца да вашых пачуццяў, калі пагражае прыслаць да вас такога вестуна. І вы, вядома, не забыліся, што ён ужо рабіў гэта.

Яна па-ранейшаму сачыла за ім уважліва.

— Аб усім гэтым я напамінаю вам не дзеля таго, каб, пашырыць прорву паміж вамі і містэрам Домбі, пані… божа збаў! Якая была-б мне ад гэтага карысць!.. але толькі з мэтай паказаць, як безнадзейна было-б унушаць містэру Домбі думку, што патрэбна яшчэ з некім лічыцца. Думаю, што мы, асобы, якія яго акружаюць і займаюць тое або іншае становішча, зрабілі сваю справу, умацаваўшы гэты пункт яго гледжання; але калі-б не зрабілі гэтага мы, гэта зрабілі іншыя — інакш яны не былі-б пры ім; і так было заўсёды, з самага яго нараджэння. Карацей кажучы, містэру Домбі даводзілася мець справу толькі з тымі, хто быў яму паслухмяны і залежаў ад яго, хто апускаўся на калені і схіляў перад ім галаву. Ён ніколі не ведаў, што азначае мець справу з абуранай гордасцю і вялікім гневам, якія паўсталі супроць яго.

— Але ён пазнае гэта цяпер! — здавалася, сказала яна, хоць губы яе аставаліся сціснутымі, а позірк нерухомым.

— Пані, — прадаўжаў ён, — я з гэтым скончыў. Вашы перакананні, такія глыбокія і, у гэтым я не сумняваюся, такія непахісныя, — апошнія словы ён прамовіў павольна і вельмі выразна, — што я амаль баюся зноў выклікаць ваша нездавальненне. Але я павінен сказаць, што, не гледзячы на яго недахопы і поўную маю асвядомленасць аб іх, я паступова прывык да містэра Домбі і навучыўся паважаць яго. Верце мне, я гэта гавару не для таго, каб выхваляцца пачуццём, якое такое чужое вашаму і зусім не выклікае вашай сімпатыі, — о, як гэта было красамоўна і ясна сказана — але для таго, каб запэўніць вас, якім адданым вашым слугой з'яўляюся я пры такіх сумных акалічнасцях і з якім абурэннем стаўлюся да тае ролі, якую мяне прымушаюць выконваць!

Яна як быццам баялася адарваць ад яго позірк.

— Позна ўжо, — памаўчаўшы, сказаў Каркер, — а вы стомлены, як вы казалі! Але я павінен памятаць, што ў мяне ёсць да вас яшчэ адна справа. Я вам павінен параіць, я павінен упрашваць вас — для гэтага ў мяне ёсць важныя прычыны, — настойліва ўпрашваць аб тым, каб вы былі асцярожны, праяўляючы свой удзел да міс Домбі.

— Асцярожная! Што вы хочаце гэтым сказаць?

— Старайцеся не праяўляць вельмі вялікай прывязанасці да гэтай маладой лэдзі.

— Вельмі вялікай прывязанасці, сэр! — усклікнула Эдзіт, нахмурыўшы свой шырокі лоб і падняўшыся з месца. — Хто можа меркаваць аб маёй прывязанасці або вымяраць яе? Вы?