Старонка:Домбі і сын.pdf/45

Гэта старонка была вычытаная

мясціўшыся за чайным сталом і выпадкова зірнуўшы на маленькія ложкі, тады толькі ўспомнілі аб Фларэнс.

— Як яна моцна спіць! — сказала міс Токс.

— Вы-ж ведаеце, любая мая, удзень яна шмат возiцца, — адказвала мiсiс Чык, — увесь час гуляе каля маленькага Поля.

— Якое дзіўнае яна дзіцянё, — сказала міс Токс.

— Любая мая, — сцішыўшы голас, адказала місіс Чык, — яна — вылiтая матка!

— І сапраўды? — сказала мiс Токс. — Ах, божа мой!

У вышэйшай ступені спачувальным тонам сказала гэта міс Токс, хоць не разумела — чаму, ведала толькі, што ад яе гэтага чакаюць.

— Фларэнс ніколі, нiколi, ніколі не будзе Домбі, — сказала мiсiс Чык, — хоць-бы яна пражыла i тысячу гадоў.

Міс Токс падняла бровы і зноў уся напоўнілася чуласцю.

— Я мардуюся і пакутую праз яе, — сказала мiсiс Чык з пакорна добрадзейным уздыхам. — Я, дапраўды, не ведаю, што з яе выйдзе, калі яна падрасце, і якое становішча ёй давядзецца заняць. Яна не ўмее расчуліць бацькі. Ды і як можна на гэта спадзявацца, калi яна так не падобна да Домбі!

Міс Токс зрабіла такую міну, нібы не знаходзiла што адказаць на такі-ж неаспрэчны аргумент.

— Да таго-ж у дзяўчынкі, як бачыце, — канфідэнцыяльна[1] паведаміла місіс Чык, — натура беднай Фані… Адважуся сказаць, што ў далейшым жыцці яна ніколі не будзе рабіць намаганняў. Нiколi! Яна ніколі не абаўецца вакол сэрца свайго бацькі, як…

— Як плюшч? — падсказала мiс Токс.

— Як плюшч. — згадзiлася мiсiс Чык. — Ніколі! Яна ніколі не знойдзе шляху i не прытуліцца да чулых грудзей бацькі, як…

— Пужлівая лань? — падсказала міс Токс.

— Як пужлівая лань, — сказала мiсiс Чык. — Нiколi! Бедная Фані! А ўсё-ж такі як я яе любіла!

— Не трэба хвалявацца, любая мая, — супакойваючым тонам сказала мiс Токс. — Ну, годзе! Вы вельмі чуллівая.

— Ва ўсiх у нас ёсць свае недахопы, — сказала місіс Чык, пралiваючы слёзы i кiваючы галавой. — Думаю, што ёсць. Я ніколi не была сляпой да яе недахопаў. І ніколі не сцвярджала адваротнага. Зусім не. А ўсе-такі як я яе любіла!

Мiсiс Чык усё яшчэ выцірала слёзы i кiвала галавой, калі Рычардс адважылася папярэдзіць яе, што міс Фларэнс не спіць i сядзіць у сваёй пасцельцы. Як сказала карміліца, яна прачнулася, і расніцы ў яе былі мокрыя ад слёз. Але ніхто іх не бачыў, апрача Полі. Ніхто, апрача яе, не нахіліўся над ёю, не прашаптаў ёй ласкавых слоў, не падышоў бліжэй, каб пачуць, як перарывіста б’ецца ў яе сэрца.

  1. Канфідэнцыяльна — даверліва, па сакрэту.