Старонка:Домбі і сын.pdf/462

Гэта старонка была вычытаная

— Значыць, мы павінны быць чужымі адна для адной, мама? — запыталася Фларэнс, пазіраючы на яе нібы ў сполаху.

Эдзіт, бязгучна паварушыўшы губамі, адказала сцвярджальна.

Фларэнс пазірала на яе ўсё з большым страхам і здзіўленнем, пакуль слёзы, што струменіліся па твары, не схавалі ад яе Эдзіт.

— Фларэнс! Дарагая мая! — шпарка прамовіла Эдзіт. — Выслухайце мяне. Я не магу бачыць вас такой сумнай. Супакойцеся. Вы бачыце, што я ўладаю сабой. А хіба гэта мне лёгка?

Яе голас і твар зноў былі спакойныя, калі яна праказала гэтыя апошнія словы, а пасля дадала:

— Не зусім чужыя. Часткова. І толькі для выгляду, Фларэнс, бо ў глыбіні душы я астаюся для вас тою самаю і заўсёды буду такой. А тое, што я раблю, я раблю не для сябе.

— Гэта для мяне, мама? — запыталася Фларэнс.

— Досыць ведаць тое, што ёсць, — памаўчаўшы сказала Эдзіт, — а чаму гэта робіцца — не мае значэння. Дарагая Фларэнс, так лепш, гэта неабходна… мы павінны сустракацца радзей. Сяброўства, якое звязвала нас да гэтага часу, трэба парваць.

— Калі? — закрычала Фларэнс. — О, мама, калі?

— Цяпер, — сказала Эдзіт.

— І на заўсёды? — запыталася Фларэнс.

— Я гэтага не кажу, — адказала Эдзіт. — Я гэтага не ведаю. Не скажу я таксама, што сяброўскія адносіны паміж намі не да месца, хоць мне варта было-б ведаць, што дабра ад іх не будзе. Мой шлях быў па сцежках, па якіх вы ніколі не пойдзеце, і адсюль мой шлях вядзе бог ведае куды… я яго не бачу.

Яе голас сціх; яна сядзела і пазірала на Фларэнс, і ў яе позірку была нейкая дзіўная баязнь і адчужанасць, якую ўжо Фларэнс аднойчы заўважыла.

— Мама, — з трывогай сказала Фларэнс, — апрача таго, што вы мне сказалі, з вамі адбылася яшчэ нейкая перамена, якая мяне палохае. Дазвольце мне пабыць крыху з вамі.

— Не, — запярэчыла Эдзіт, — не, дарагая! Мне лепш астацца цяпер адной і ўнікаць вас. Не пытайцеся ў мяне ні пра што, але верце, што, калі я здаюся непастаяннай або капрызнай у адносінах да вас, я раблю так не па сваёй волі і не дзеля сябе. Хоць цяпер мы больш чужыя адна адной, чым раней, верце, што ў глыбіні душы я не змянілася. Прабачце мне, што я яшчэ больш засмуціла ваш пануры дом. Я — цень, які паў на яго, і вельмі добра гэта ведаю. Больш ніколі не будзем гаварыць аб гэтым.

— Мама, — усхліпваючы, прагаварыла Фларэнс, — няўжо мы павінны расстацца?