Старонка:Домбі і сын.pdf/463

Гэта старонка была вычытаная

— Мы робім такім чынам іменна для таго, каб нам не давялося расстацца, — сказала Эдзіт. — Не пытайцеся больш ні аб чым. Ідзіце, Фларэнс! З вамі мая любоў і маё раскаянне!

З гэтай гадзіны Фларэнс і Эдзіт ніколі не былі разам, як раней. На працягу многіх дзён яны рэдка сустракаліся, хіба толькі за сталом і ў прысутнасці містэра Домбі. У такіх выпадках Эдзіт, уладная, непахісная і маўклівая, нават не пазірала на яе. Калі пры гэтым быў містэр Каркер, — а гэта бывала часта ў перыяд выздараўлення містэра Домбі і пасля, — Эдзіт яшчэ больш цуралася яе і была яшчэ больш стрыманай, чым звычайна. Але калі-б не здаралася ёй сустрэцца з Фларэнс сам-на-сам, яна абдымала яе таксама пяшчотна, як і раней, хоць ганарысты яе твар ужо не так змякчаўся, і часта, вярнуўшыся дадому позна ўвечары, яна як і раней, ціхенька ўваходзіла ў пакой Фларэнс і шаптала: «Спакойнай ночы», нахіліўшыся да яе падушак. Не ведаючы ў сне аб яе наведваннях, Фларэнс часамі прачыналася, нібы ёй прысніліся гэтыя словы, праказаныя ледзь чутна, і нібы адчувала на сваім твары дотык губ. Але гэта здаралася ўсё радзей і радзей, па меры таго, як ішоў час.

Пакутлівае адчужэнне паміж ёю і Эдзіт запаўнялася для Фларэнс адной толькі думкай; хоць гэта было слабым уцяшэннем для яе змучанага сэрца, яна старалася знайсці ў ёй нейкае супакаенне. Не разрываючыся больш паміж любоўю і абавязкам у адносінах да дваіх, Фларэнс магла любіць абаіх і не крыўдзіць ні таго, ні другога. Яна магла ім абоім, нібы ценям, створаным яе ўяўленнем, адвесці месца ў сваім сэрцы і не зневажаць іх ніякімі сумненнямі.

Так і спрабавала яна рабіць. Здаралася — і досыць часта, — што неразуменне, выкліканае пераменай, якая адбылася з Эдзіт, авалодвала яе думкамі і палохала яе; але яна не цікавілася, спакойна аддаючыся зноў ціхаму смутку і адзіноце. Фларэнс патрэбна было толькі ўспомніць аб тым, што зорка, абяцаўшая ёй шчасце, паблёкла ў змроку, які атуліў дом, і яна плакала і пагаджалася.

Так Фларэнс мінула семнаццаць гадоў. Самотнае жыццё зрабіла яе нясмелай і скромнай, але не зрабіла больш жорсткім яе ціхага характару і палкага сэрца. Дзіця, мяркуючы па нявіннай яе простадушнасці; жанчына, калі меркаваць па скромнай яе самаўпэўненасці і глыбокім, напружаным пачуцці. У яе цудоўным твары і прыгожай, кволай постаці нібы спалучаліся і зліваліся дзіця і жанчына; здавалася, вясна не хоча адступіць, хоць прышло лета, і стараецца зацямніць прыгожасцю бутонаў кветкі, што распусціліся. Але ў яе голасе, які пранікаў у душу, у яе ціхім позірку, у нейкім дзіўным ззянні, якое час ад часу асвятляла яе твар, і ў задумлівай яе прыгожасці было штосьці, што нагадвала памёршага. І на совеце ў