Старонка:Домбі і сын.pdf/469

Гэта старонка была вычытаная

разлучыць. Толькі смерць! Але калі вы возьмеце пад увагу, што місіс Домбі, жывучы ў гэтым доме і ператвараючы яго, як вы сказалі, у арэну барацьбы, не толькі ўдзельнічае сама ў гэтай барацьбе, але штодзённа выклікае ваша незадавальненне да міс Домбі (мне-ж вядома ваша рашучасць), то ці не вызваліце вы яе ад няспыннай душэўнай трывогі і няспыннага, амаль нястрымнага ўсведамлення, што яна з'яўляецца вінавайцай нейчых пакут? Я гэтага не сцвярджаю, але ці не можа здацца, што быццам вы прыносіце ў афяру місіс Домбі дзеля захавання вашага высокага, недасягальнага становішча ў грамадстве?

— Каркер, — прамовіў містэр Домбі, ганарліва нахмурыўшыся — тон яго не дапускаў супярэчанняў, — вы не разумееце свайго становішча, даючы мне параду па такому пытанню, і характар вашай парады (на здзіўленне маё) сведчыць аб тым, што вы не разумеце мяне. Я больш нічога не маю сказаць.

— Магчыма, — сказаў Каркер з неўласцівай яму і ледзь прыкметнай насмешкай, — вы не зразумелі майго становішча, калі надалі мне гонар заняцца перагаворамі, якія я тут вёў, — ён махнуў рукой у бок місіс Домбі.

— О, не, сэр, — ганарліва запярэчыў той. — Вам было даручана.

— Як асобе падначаленай дапамагаць прыніжэнню місіс Домбі. Я забыўся. О, так, аб гэтым гаварылі! — сказаў Каркер. — Прабачце!

Ён схіліў галаву перад містэрам Домбі з пачцівым выглядам, які дрэнна пагадняўся з гэтымі словамі, хоць яны і былі сказаны спакойна, пасля павярнуўся ў яе бок і паглядзеў на яе дапытлівым позіркам. Яна падняла руку да каштоўнай дыядэмы, што зіхацела ў яе на галаве, сарвала яе з такой сілай, што пышныя чорныя валасы, якія яна бязлітасна тузянула, рассыпаліся па плячах і кінула дыядэму на падлогу. З абодвух рук яна зняла ўсеяныя брыльянтамі браслеты, шпурнула іх і растаптала нагамі ззяючыя каменні. Моўчкі, усё з тымі-ж пылаючымі вачыма, усё з тою-ж страшнай усмешкай, яна накіравалася да дзвярэй, ва ўпор паглядзела на містэра Домбі і пасля вышла.

Перш чым пайсці з пакоя, Фларэнс чула дастаткова і зразумела, што Эдзіт любіць яе па-ранейшаму, што яна пакутвала з-за яе і не ўспамінала аб прынесеных ёю афярах, баючыся парушыць яе спакой. Фларэнс не збіралася гаварыць з ёй аб тым — не магла гаварыць, памятаюры, супроць каго яна паўстае, — але ёй хацелася маўклівым і пяшчотным абдымкам запэўніць Эдзіт, што яна ўсё гэта зразумела і дзякуе ёй.

У той вечар яе бацька адзін накіраваўся ў госці, і Фларэнс, вышаўшы неўзабаве пасля гэтага з сваёй спальні, блукала па доме, дарэмна шукаючы Эдзіт. Тая не пакідала сваіх пакояў,