Старонка:Домбі і сын.pdf/501

Гэта старонка была вычытаная

— Вам сёння нездаровіцца? Вы нечым засмучаны. Вы плакалі.

Ён гаварыў так ласкава і з такім хваляваннем, што пры гуку яго голасу слёзы выступілі ў яе на вачах.

— Уолтэр, — ціха сказала Фларэнс, — мне нездаровіцца, і я плакала. Я хачу пагаварыць з вамі.

Ён сеў супроць яе, углядаючыся ў яе цудоўны нявінны твар; ён пабляднеў, і губы ў яго задрыжэлі.

— Вы сказалі ў той вечар, калі я даведалася аб вашым выратаванні, любы Уолтэр… О, што я адчула ў той вечар і колькі было надзей!..

Ён паклаў дрыжачую руку на стол, што раздзяляў іх, і не спускаў з Фларэнс вачэй.

— Вы… сказалі, што я змянілася, я здзівілася, пачуўшы гэта, але цяпер разумею, што гэта так. Не злуйцеся на мяне, Уолтэр. Я была вельмі шчаслівая, каб тады-ж аб гэтым падумаць.

Зноў яна здалася яму дзіцем. Ён бачыў і чуў непасрэднае, даверлівае ўлюбёнае дзіця, а не жанчыну, якую кахаў, да чыіх ног хацеў-бы пакласці ўсё зямное багацце.

— Вы памятаеце, Уолтэр, як мы сустрэліся з вамі апошні раз перад вашым ад'ездам?

Ён сунуў руку за пазуху і дастаў маленькі кашалёк.

— Я заўсёды насіў яго на шыі! Калі-б я утапіўся, ён разам са мною ляжаў-бы на дне мора.

— І вы па-ранейшаму будзеце насіць яго, Уолтэр, дзеля мяне?

— Да самай смерці.

Яна паклала сваю руку на яго руку так смела і простадушна, як быццам і дня не прайшло з таго часу, як яна падаравала яму гэты маленькі кашалёк.

— Я гэтаму рада. Я заўсёды буду з радасцю аб гэтым думаць, Уолтэр. Вы прыпамінаеце, што ў той самы вечар, калі мы з вамі размаўлялі, нам абодвум як быццам прышла ў галаву думка аб гэтай перамене?

— Не! — у няўцямнасці адказаў ён.

— Так, Уолтэр. І тады ўжо я мімаволі нанесла шкоду вашым надзеям і відам на будучае. Тады я баялася так думаць, але цяпер я гэта ведаю. Калі тады вы, па велікадушнасці сваёй, маглі захоўваць ад мяне, што гэта вам вядома, то цяпер вы захоўваць не можаце, хоць стараецеся таксама велікадушна, як і раней. Так, стараецеся. Я шчыра, глыбока ўдзячна вам, Уолтэр, але вашы старанні не маюць поспеху. Вы самі і блізкія вам людзі вельмі многа пакутвалі, каб вы маглі забыцца на мімавольнага вінавайцу ўсіх бед і нягод, што зваліліся на вас. Вы не можаце забыцца, якую ролю я адыгрывала, і больш мы не можам быць братам і сястрой. Але, любы Уолтэр, не думайце, што я вас дакараю. Мне варта было-б гэта ведаць — я павінна была-б ведаць, — але ў парыве радасці я аб усім за-