Старонка:Домбі і сын.pdf/514

Гэта старонка была вычытаная

— Гэта яшчэ што такое! Вы мяне дакараеце, няўдзячны блазнюк! — закрычала місіс Браун, якою апаноўвала шаленства.

— Ды не-ж, місіс Браун, даруй божа, — са слязмі на вачах адказваў Тачыльшчык, — Ну, ці бачыў хто калі-небудзь такую… Ды хіба я не ў захапленні ад вас, місіс Браун?

— Роб, любенькі, сапраўды? Гэта праўда, маё дзіцятка?

Пры гэтых словах місіс Браун зноў схапіла яго ў пяшчотныя абдымкі.

— Ох! — прастагнаў Тачыльшчык. — Вось бяда, калі вам ад такога кахання дыхаць няма чым! Хацеў-бы я, каб яно… Як вы маецеся, місіс Браун?

— Ах, вось ужо тыдзень, як ён сюды не заходзіў! — усклікнула старая, пазіраючы на яго з дакорам.

— Божа-ж мой, місіс Браун, — запярэчыў Тачыльшчык, — я вам сказаў тыдзень таму назад, што прыду сюды сёння вечарам, праўда? Я і прышоў. Як вы чапляецеся! Хацеў-бы я, каб вы былі хоць крышачку больш разважлівай, місіс Браун.

— Выпіце кропельку, Робін, каб супакоіцца, — сказала старая, напоўніўшы з бутэлькі шклянку і працягваючы яму.

— Дзякую вам, місіс Браун, — адказаў Тачыльшчык. — За ваша здароўе. І жадаю вам доўга… і так далей. — Мяркуючы па выразу яго твара, пад гэтым разумеліся зусім не найлепшыя пажаданні. — Вып'ю і за яе здароўе, — дадаў Тачыльшчык, зірнуўшы на Эліс, якая пільна паглядала, — як здавалася яму, — на сцяну за яго спіной, а ў сапраўднасці на містэра Домбі, які стаяў за дзвярыма.

Пасля гэтых двух тостаў, ён асушыў шклянку і паставіў яе на стол.

— Дык што я вам скажу, місіс Браун, — прадаўжаў ён, — пастарайцеся быць цяпер крышачку больш разважлівай. Вы разумееце што-небудзь у птушках і ў іх звычках; я гэта ведаю на сваё няшчасце.

— На сваё няшчасце! — паўтарыла місіс Браун.

— К прыемнасці сваёй, хацеў я сказаць, — паправіўся Тачыльшчык. — Навошта вы перапыняеце хлапца, місіс Браун? Праз вас у мяне ўсё выскачыла з галавы.

— Вы гаварылі аб тым, што я разумею ў птушках, Робі, — падказала старая.

— Ах, так! — падхапіў Тачыльшчык. — Дык вось, я павінен даглядаць гэтага папугая… А з прычыны таго, што сёе-тое прададзена і гаспадарка ў разладзе… а я не хацеў-бы звяртаць на сябе ўвагу, то вось я і прашу вас паглядзець за ім з тыдзень, карміць яго і даць прытулак. Згодны? Калі я ўсёроўна павінен прыходзіць сюды, — з сумнай фізіяноміяй прамовіў задумліва Роб, — то лепш ужо прыходзіць з якой-небудзь мэтай.

— Прыходзіць з якою-небудзь мэтай! — запішчала старая.