Старонка:Домбі і сын.pdf/519

Гэта старонка была вычытаная

мяне, каб я трымаў язык за зубамі. І вось што я вам скажу, па сяброўству, місіс Браун: калі вы паўторыце хоць адно слаўцо з таго, аб чым мы цяпер гаворым, то лепш вам узяць, ды застрэліцца або замкнуцца ў гэтым доме і падпаліць яго, бо ён на ўсё здолен, калі захоча вам адпомсціць.

— Ды я-ж паклялася і не парушу клятвы, — запярэчыла старая.

— Спадзяюся, што не парушыце, — недаверліва і як быццам пагражальна адказаў Роб. — Не парушыце дзеля сябе самой таксама, як і дзеля мяне.

— Роб, — зноў пачала яна самым ліслівым тонам.

— Божа, злітуйся, місіс Браун, ну, што вам яшчэ патрэбна? — адазваўся Тачылышчык, якога апанавала роспач.

— Роб! Дзе гэта лэдзі і ваш гаспадар дамовіліся сустрэцца?

Роб у замяшанні маўчаў, а пасля раптам крыкнуў:

— Ды хіба я змагу выгаварыць назву іншакраінных гарадоў, місіс Браун? Якая вы няўцямная жанчына!

— Але-ж вы чулі гэту назву, Робі, — цвёрда запярэчыла яна, — і ведаеце, як яна гучыць. Ну!

— Я ніколі яе не чуў, місіс Браун, — адказаў Тачыльшчык.

— Значыцца, вы бачылі, як яна пішацца, — хутка сказала старая, — і можаце паўтарыць яе па літарах.

Роб ад смутку ні то засмяяўся, ні то заплакаў, — справа ў тым, што нават церпячы гэта катаванне, ён мімаволі прышоў у захапленне ад праніклівасці місіс Браун, — і, з неахвотай памацаўшы ў кішэні жылета, выцягнуў адтуль кавалачак крэйды. Вочы старой заблішчэлі, калі яна ўбачыла, што ён заціснуў гэты кавалак паміж вялікім і ўказальным пальцам, і яна спяшаючыся ачысціла месца на сасновым стале, каб ён мог напісаць тут гэтае слова.

— Вось што я вам загадзя скажу, місіс Браун, — пачаў Роб: — няварта пытацца яшчэ пра што-небудзь. Больш я ні на адно пытанне не адкажу, бо не магу адказваць. Ці хутка яны павінны сустрэцца і хто з іх прыдумаў, каб паехаць у паасобку — аб гэтым я ведаю не больш, чым вы. Я абсалютна нічога аб гэтым не ведаю. Вы мне паверыце, калі я раскажу, як я даведаўся гэта слова. Расказаць вам, місіс Браун?

— Так, Роб.

— Дык вось, значыцца, місіс Браун, справа была… Але больш вы ні аб чым не будзеце ў мяне пытацца, памятаеце?

— Ні аб чым, — сказала місіс Браун.

— Ну, дык вось як была справа: калі вядомы вам чалавек выходзіў, пакідаючы са мною лэдзі, ён ей сунуў у руку паперку з указаннем дарогі, на выпадак, калі яна забудзецца. Але яна гэтага не баялася, бо, як толькі ён павярнуўся да нас спіной, яна разарвала паперку, а калі я адкідаў ступенькі карэты, вываліўся адзін кавалачак — астатнія яна, напэўна, выкінула з акна,