Старонка:Домбі і сын.pdf/520

Гэта старонка была вычытаная

бо я шукаў пасля і нічога не знайшоў. На гэтым кавалачку было напісана толькі адно слова, і калі ўжо вы ва што-б там ні было хочаце яго ведаць, я вам яго напішу. Але памятайце! Вы далі клятву, місіс Браун!

Місіс Браун сказала, што гэта ёй вядома. Роб, не маючы больш ніякіх пярэчанняў, пачаў павольна і старанна пісаць крэйдай на стале.

— «Д», — гучна прагаварыла старая, калі ён дапісаў гэту літару.

— Няўжо вы не можаце памаўчаць, місіс Браун? — усклікнуў Роб, прыкрываючы літару рукой і нецярпліва паварачваючыся да яе. — Я не хачу, каб вы чыталі ўголас. Вы будзеце маўчаць?

— Тады пішыце большымі літарамі, Роб, — сказала яна, — вочы ў мяне дрэнныя, нават па друкаванаму не разбіраю.

Бурчачы штосьці сабе пад нос і з неахвотай беручыся за работу, Роб зноў заняўся пісаннем. Калі ён нахіліў галаву, чалавек, для асведамлення якога ён, сам таго не ведаючы, працаваў, вышаў з-за дзвярэй за яго спіною і, спыніўшыся на адлегласці аднаго кроку, пачаў пільна сачыць за яго рукой, якая паўзла па стале. У той-жа час Эліс, якая сядзела насупраць, зырка ўглядалася ў вырысоўваючыяся літары і, па меры таго, як ён пісаў, бязгучна іх вымаўляла. Калі ён дапісваў літару, вочы яе і містэра Домбі сустракаліся, як быццам і ён і яна чакалі адно ад другога пацверджання, і так яны абое злажылі па літарах Д. Ы. Ж. О. Н.

— Ну вось! — сказаў Тачыльшчык, наслініўшы далонь, каб сцерці напісанае слова. — Цяпер, спадзяюся, вы задаволены, місіс Браун!

Старая пацвердзіла гэта, пагладзіўшы яго па спіне, а Тачыльшчык, якога апанаваў смутак ад зневажэння, допыту і віна, склаў накрыж рукі на стале, апусціў на іх галаву і заснуў. Калі ім заўладаў моцны сон і ён моцна захроп, — тады толькі старая павярнулася да дзвярэй, за якімі хаваўся містэр Домбі, і паклікала яго.

Між іншым, яна прадаўжала круціцца вакол Роба, каб закрыць яму вочы рукамі, або стукнуць яму па патыліцы, калі ён падыме галаву, калі містэр Домбі будзе паціхеньку прабірацца да выхаду. Але, сочачы зырка за заснуўшым, яна не менш зырка сачыла і за тым, хто не спаў, і, калі ён дакрануўся да яе рукі і калі, наперакор усім яго перасцярогам, зазвінела золата, вочы яе загарэіліся яркім і прагным агнём, як у крумкача.

Пануры позірк дачкі праводзіў яго да дзвярэй і заўважыў яго бледнасць і паспешлівую хаду, якая сведчыла аб тым, што наіменшае прамаруджанне здаецца яму нясцерпным і ён імкнецца пайсці, каб пачаць дзейнічаць. Калі ён зачыніў за сабою дзверы, яна азірнулася і паглядзела на маці. Старая трушком