Старонка:Домбі і сын.pdf/533

Гэта старонка была вычытаная

Тысяча прабачэнняў! Раптоўная боязнь, што пісьмо, магчыма, забыліся перадаць, надало яму — лысаму барадатаму лакею з суседняга рэстарана — роспачы. Мс'е сказаў, што вячэра павінна быць гатова да гэтага часу, а таксама і аб тым, што ў пісьме ён папярэдзіў мадам аб адным распараджэнні. Мс'е зрабіў гонар «Залатой галаве», выказаўшы жаданне, каб вячэра была ўдалікатненай і тонкай. «Залатая галава» пастараецца апраўдаць яго давер'е.

Эдзіт больш нічога не сказала і задуменна сачыла за тым, як яны сервіравалі стол на дзве персоны і паставілі бутэлькі з віном. Перш чым яны накрылі на стол, яна ўстала і, узяўшы лямпу, прайшла ў спальню, а адтуль у гасціную, дзе агледзела спяшаючыся, але ўважліва ўсе дзверы, у асаблівасці тыя, якія вялі са спальні ў праход у сцяне. З гэтых дзвярэй яна выняла ключ і ўставіла яго са знадворнага боку. Пасля яна вярнулася.

Слугі — другі быў смуглявым, уедлівым суб'ектам, у куртцы, гладка выбрытым, з каротка астрыжанымі чорнымі валасамі — скончылі свае прыгатаванні і стаялі, аглядаючы стол. Першы лакей запытаўся ў мадам, ці хутка, на яе думку, прыедзе мс'е.

Яна гэтага не ведала. Гэта было ўсёроўна.

Pardon! Вячэра гатова! Яе варта было-б пачаць зараз-жа. Мс'е (які гаварыў па-французску, як анёл або як француз — гэта было ўсёроўна) вельмі выразна заявіў аб сваёй пунктуальнасці. Але англійская нацыя выслаўляецца сваёй пунктуальнасцю. Ах! Што за шум? Божа мой, гэта мс'е! Вось ён!

Сапраўды, мс'е, якога ўпусціў другі лакей, ішоў, пабліскваючы зубамі, па цёмных пакоях, якія нагадвалі ўваход у пячору, і, увайшоўшы ў гэта жыллё святла і фарб, абняў мадам і звярнуўся да яе па-французску, назваўшы яе сваёй чароўнай жонкай.

— Божа мой! Мадам вось-вось страціць прытомнасць! Мадам так узрадвалася, што ёй стала дрэнна! — Лысы барадаты слуга заўважыў гэта і не прамінуў крыкнуць.

Але мадам толькі адхіснулася і ўздрыганулася. Перш чым былі сказаны гэтыя словы, яна ўжо стаяла, паклаўшы руку на аксамітную спінку крэсла, выпрастаўшыся ва ўвесь рост і з нерухомым тварам.

Гарачыя стравы былі прынесены на жароўні, халодныя ўжо стаялі на стале, а запасныя прыборы на буфеце. Мс'е быў задаволены такой сервіроўкай. З тае прычыны, што стол быў маленькі, яна яму здалася надта зручнай. Няхай яны паставяць жароўню на падлогу і ідуць. Ён сам будзе браць стравы.

— Прабачце! — далікатна сказаў лысы. — Гэта немагчыма!

Мс'е быў іншай думкі. Сёння яму нічые паслугі больш не патрэбны.

— Але мадам… — пачаў лысы.

Мс'е сказаў, што у мадам была свая пакаёўка. Гэтага было дастаткова.

Тысяча прабачэнняў! Не! У мадам не было пакаёўкі.