Старонка:Домбі і сын.pdf/538

Гэта старонка была вычытаная

Ён прыхінуўся спіною да дзвярэй, бо заўважыў у іх нейкую перамену і падумаў, што яна хоча вышмыгнуць міма яго. Але яна хутка вышла ў процілеглыя дзверы, якія вялі ў спальню, і захлопнула іх за сабою.

Ён падумаў, што спалох, выкліканы гэтай начной трывогай, зламаў яе ўпартасць, бо яна і без таго ўжо была стомлена. Расчыніўшы дзверы, ён паспяшаўся пайсці за ёю.

Але ў пакоі было цёмна, а з прычыны таго, што яна не адзывалася на яго голас, яму мімаволі давялося вярнуцца па лямпу. Высока трымаючы лямпу, ён аглядаўся навокал, думаючы, што яна забралася куды-небудзь у куток; але ў пакоі нікога не было. Тады ён перайшоў у гасціную, пасля ў сталовую, ідучы няўпэўнена, як чалавек, які знаходзіцца ў незнаёмым месцы; баязліва азіраўся і заглядаў за шырмы і канапы, але яе не было нідзе.

Увесь гэты час званочак зноў і зноў пачынаў пазвоньваць. У дзверы ўжо стукалі. Ён паставіў лямпу і, падышоўшы да дзвярэй, пачаў прыслухоўвацца. Размаўлялі некалькі чалавек; прынамсі, двое з іх гаварылі па-англійску; не гледзячы на тое, што дзверы былі тоўстыя, і не гледзячы на шум, ён занадта добра ведаў адзін з гэтых галасоў, каб сумнявацца, хто гаворыць.

Ён зноў узяў лямпу і пайшоў назад, цераз усе пакоі, прыпыняючыся ў дзвярах і, трымаючы лямпу над галавой, аглядаўся навокал. Ён стаяў у спальні, як раптам яго ўвагу прыцягнулі дзверы, што вялі ў праход у сцяне. Ён падышоў да іх і пераканаўся, што яны замкнуты знадворку. Але, адыходзячы Эдзіт згубіла вуаль, якая асталася ў дзвярах.

Увесь гэты час людзі на пляцоўцы лесвіцы званілі і рукамі і нагамі білі ў дзверы.

Ён не быў баязліўцам, але гэтыя гукі, сцэна, што адбылася перад імі, крушэнне ўсіх яго планаў (як гэта ні дзіўна, але ён быў-бы значна мацнейшым, калі-б яны не рухнулі), позні час, усведамленне, што блізка няма нікога, да каго-б ён мог звярнуцца з просьбай аб сяброўскай ласцы, — усё гэта прывяло яго да панічнай жахлівасці. Ён паспрабаваў выламаць дзверы, у якіх засталася вуаль, але гэта было яму не па сіле. Ён адчыніў акно і праз жалюзі паглядзеў уніз, на двор; але вышыня была значная, а каменні не ведалі літасці.

Званкі і стук не спыняліся, не праходзіў і панічны страх. Ён вярнуўся да дзвярэй у спальні і, з роспаччу напружваючы ўсе свае сілы, адчыніў іх. Убачыўшы недалёка вузкую лесвіцу і адчуўшы струмень начнога паветра, ён, крадучыся, вярнуўся назад па капялюш і паліто, пасля моцна зачыніў за сабою дзверы, паціхеньку спусціўся па лесвіцы, трымаючы ў руцэ лямпу, якую пасля патушыў і паставіў у куток, і вышаў пад зорнае неба.