Старонка:Домбі і сын.pdf/563

Гэта старонка была вычытаная

— Міс Флой, любачка! Паглядзіце на мяне! Цяпер мы ўсе такія шчаслівыя, дарагая! Яшчэ раз да пабачэння, мая ненаглядная, да пабачэння!

Як ухітраецца гэта зрабіць С'юзен, яна і сама не ведае, але яна прасоўвае галаву ў акно, цалуе Фларэнс і абдымае яе за шыю.

— Цяпер мы ўсе такія… такія шчаслівыя, дарагая мая міс Флой! — кажа С'юзен, у якой падазрона перарываецца голас. — Цяпер вы не будзеце на мяне злаваць! Не будзеце?

— Злаваць, С'юзен!

— Не! Ведаю, што не будзеце. Я і кажу, што не будзеце, любая мая, дарагая! — крычыць С'юзен. — А вось і капітан… ваш сябра капітан… ён таксама хоча яшчэ раз развітацца!

— Ура, Радасць майго Сэрца! — крычыць на ўсё горла капітан, чый твар выказвае глыбокае хваляванне. — Ура, Уольр, мой хлопчык! Ура! Ура!

С'юзен Ніпер мужна даводзіць справу да канца. Яна ўсміхаецца сваёй гаспадыні, усміхаецца праз слёзы да апошняй хвіліны. Калі-ж С'юзен астаецца, нарэшце, ззаду, капітан, у якога канцы каўнерыка шалёна развяваюцца, прадаўжае то з'яўляцца, то знікаць у акне, выкрыкваючы: «Ура, мой хлопчык! Ура, Радасць Сэрца!», пакуль спроба збегчыся з карэтай не робіцца безнадзейнай. Нарэшце, калі карэта паехала, С'юзен Ніпер, да якой далучаецца капітан, траціць прытомнасць, і яе нясуць у булачную, дзе яна ачуньвае.

На царкоўным дварэ дзядзька Соль і містэр Тутс, прысеўшы на каменны падмурак агарожы, цярпліва чакаюць звароту капітана Катля і С'юзен. З прычыны таго, што нікому не хочацца гаварыць, або слухаць размовы, то яны складаюць надзвычайную кампанію і надта задаволены адно другім. Калі яны ўсе разам варочаюцца да маленькага Мічмана і сядаюць снедаць, ніхто не можа праглынуць ні кавалачка. Капітан Катль з прытворнай прагнасцю накідваецца на тост, але пасля адмаўляецца ашукваць іншых. Пасля снедання містэр Тутс гаворыць, што прыдзе вечарам, і цэлы дзень блукае па горадзе, адчуваючы сябе так, як быццам два тыдні не клаўся спаць.

Вярнуўшыся вечарам, містэр Тутс паведамляе С'юзен Ніпер, што ніколі яму яшчэ не было так нудна, і, аднак, у гэтым ёсць штосьці прыемнае. Ён поўны давер'я да яе і расказвае, як было ў яго на душы, калі яна шчыра выказала яму сваю думку аб тым, ці можа міс Домбі калі-небудзь яго пакахаць. У парыве давер'я, народжанага гэтымі ўспамінамі і слязмі, містэр Тутс прапаноўвае выйсці разам і купіць чаго-небудзь на вячэру. Міс Ніпер згаджаецца; яны купляюць шмат прысмакаў і, пры дапамозе місіс Рычардс, сервіруюць надта добрую вячэру да таго часу, пакуль стары Соль і капітан варочаюцца дадому.

Капітан і стары Соль пабывалі на барту карабля, правялі туды Ды, паглядзелі як пагружаюць скрынкі.