Старонка:Домбі і сын.pdf/62

Гэта старонка была вычытаная

— Ну, не дурнейце, — сказала Добрая місіс Браун, штурхануўшы, каб дзяўчынка апамяталася. — Я вас не пакрыўджу. Садзіцеся на анучы.

Фларэнс паслухалася, з нямой просьбай працягваючы да яе складзеныя рукі.

— І затрымаю я вас не больш гадзiны, — сказала місіс Браун. — Разумееце, што я кажу?

Дзяўчынка з вялікай цяжкасцю прамовіла: «Разумею».

— Так, значыць, — сказала Добрая місіс Браун, у сваю чаргу садзячыся на косці, — не дакучайце мне. Калі не будзеце дакучаць, кажу вам, што я вас не пакрыўджу. А калі надакучыце, я вас заб’ю. Я магу вас забіць у любы час — нават калі вы лежыцё ў пасцелі ў сябе дома. А цяпер расказвайце, хто вы такая i што вы такое i ўсё іншае аб сабе.

Пагрозы і абяцанні старой, баязнь раззлаваць яе і прывычка, якая не ўласціва дзіцяці, але якая ў Фларэнс зрабілася нібы прыроджанай, — таіцца і захоўваць свае пачуцці, страх і надзеі, — дапамаглі ёй выканаць гэтае патрабаванне і расказаць сваю маленькую біяграфію або тое, што яна ведала аб сваім жыцці. Місіс Браун слухала ўважліва, пакуль яна не скончыла расказваць.

— Так, значыць, ваша прозвішча Домбі, а? — сказала місіс Браун.

— Так, пані.

— Мне патрэбна гэта прыгожанькая сукеначка, міс Домбі, — сказала Добрая місіс Браун, — i гэты капялюшык, i адна-дзве спаднічкі, і ўсё іншае, без чаго вы можаце абыйсціся. А ну, знiмiце iх!

Фларэнс падпарадкавалася спешна, наколькі гэта дазвалялі яе дрыжачыя рукі, і пры гэтым не спускала напалоханых вачэй з місіс Браун. Калі яна пазбавілася ад усіх частак туалету, упамянутых гэтай лэдзі, місіс Браун не спяшаючыся агледзела ix і як быццам асталася зусiм задаволенай іх якасцю і каштоўнасцю.

— Гм! — сказала яна, аглядаючы кволую постаць дзіцяці. — Больш я нічога не бачу, апрача чаравікаў. Мне патрэбны гэтыя чаравікі, міс Домбі.

Бедная маленькая Фларэнс зняла iх з такой-жа паспешнасцю, ад душы радуючыся, што знайшоўся яшчэ адзiн спосаб задаволіць яе. Пасля старая выцягнула нейкія лахманы з-пад кучы ануч, якую яна для гэтай мэты раскідала, а таксама дзіцячую накідку, зусім паношаную і старую, і пакамечаныя рэшткі капелюша, здабытага, напэўна, з якой-небудзь канавы ці кучы гною. У гэта адмысловае адзенне загадала яна Фларэнс прыбрацца, а з той прычыны, што такія падрыхтаванні, здавалася, маглi адбывацца перад вызваленнем, дзяўчынка падпарадкавалася, бадай, з яшчэ большай гатоўнасцю.