Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/102

Гэта старонка не была вычытаная

сана, але толькі, калі ён наблізіўся, Дон-Кіхот прыкмеціў, што падраны камзол на яго плячах надушаны амбрай[1], з чаго ён зрабіў вывад, што чалавек, насіўшы такую вопратку, не мог быць простага стану. Наблізіўшыся да іх, юнак прывітаў іх хрыплым і глухім голасам, але вельмі ветліва. Дон-Кіхот адказаў на яго прывітанне з няменшай ветлівасцю і, злезшы з Расінантэ, падышоў да юнака, абняў яго і некаторы час моцна прыціскаў да грудзей, быццам ведаў яго вельмі доўга. Юнак, даўшы сябе абняць, адхіліў крыху Дон-Кіхота і, палажыўшы яму рукі на плечы, глядзеў на яго пільна, нібы жадаючы ўспомніць, ці не ведае ён яго. Першым загаварыў пасля абдымкаў абадранец.


РАЗДЗЕЛ XVII,
у якім працягваецца прыгода ў Сіера-Марэне

Сен’ёр, хто-б вы ні былі, я дзякую вам за даныя мне доказы вашай прыхільнасці. Але лёс пазбавіў мяне мажлівасці адказваць на зробленыя мне паслугі інакш, як толькі жаданнем адплаціць за іх.

— А маё жаданне, — адказаў Дон-Кіхот, — складзецца з таго, каб служыць вам. Ці нельга знайсці які-небудзь сродак, каб зрабіць лягчэйшым гора, якое, як відаць, прымусіла вас весці такі дзіўны спосаб жыцця.

Рыцар Лесу, пачуўшы, якім складам гаворыць з ім рыцар Сумнага Вобразу, глядзеў на яго ва ўсе вочы.

— Калі ў вас знойдзецца чаго-небудзь паесці, дайце мне.

Адразу Санчо дастаў з свайго мяшка правізію. Абадранец еў так шпарка, што ў яго амаль не было прамежкаў паміж адным і другім кавалкам. Скончыўшы есці, ён даў ім знак ісці за ім, што яны і зрабілі, і прывёў іх на зялёны лужок, раскінуты адразу за бліжэйшым выступам скалы. Тут ён лёг на траву, астатнія паследвалі яго прыкладу; усё гэта рабілася моўчкі. Абадранец, добра сеўшы, загаварыў:

  1. Гэтыя духі вельмі высока цаніліся ў часы Сервантэса, спажываліся багатымі людзьмі і захоўвалі свой пах доўга, нават быццам назаўсёды.