Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/104

Гэта старонка не была вычытаная

мутны, шчодры і ўлюбчывы юнак. У кароткі час ён вельмі блізка пасябраваў са мной. Хоць я падабаўся таксама старэйшаму сыну герцага і ён таксама абыходзіўся са мной добра, але ўсё-ж не ў такой ступені, як Фернандо. З той прычыны, што ў сяброў не бывае таемнасцей, якія-б яны не паведамлялі адзін аднаму, — а мая блізкасць да дона Фернандо шпарка перайшла ў сяброўства, — ён перадаваў мне ўсе свае думкі і асабліва гаварыў пра адзін свой раман, які крыху яго непакоіў. Ён быў моцна закаханы ў дачку земляроба, васала яго бацькі. Аднак, ведаючы, што яго бацька ніколі не дасць згоды на такі няроўны шлюб, ён парашыў выехаць адсюль на некалькі месяцаў, паехаўшы ў мой родны горад, нібыта купляць коні. Паездка гэтая, па яго тлумачэнню, будзе лепшым сродкам выгнаць з памяці недаступны вобраз красуні.

Аднак, як я даведаўся потым, гэта было ашуканствам, бо ён паспеў ужо спакусіць бедную дзяўчыну абяцаннем ажаніцца і спяшаўся паехаць толькі для таго, каб унікнуць ад выканання дадзенага ім абяцання… Герцаг адпусціў свайго сына і загадаў мне ехаць разам з ім.

Мы прыехалі ў родны мой горад; бацька мой прыняў дона Фернандо, як падабае яго стану; адразу-ж я ўбачыўся з Люсіндай, і каханне маё зноў ажыло (хоць яно ніколі не пагасала і не памірала). На сваё няшчасце я расказаў пра ўсё дону Фернандо. Я так хваліў яму прыгажосць, пекнасць і розум Люсінды, што мае пахвалы абудзілі ў ім жаданне ўбачыць дзяўчыну. Я паказаў яму Люсінду. Яна адразу зацямніла ў яго розуме вобразы ўсіх красунь, якіх ён да гэтага часу сустракаў. Адным словам, мой прыяцель закахаўся ў дзяўчыну, якую я па праву лічыў сваёй нявестай. Здарылася так, што аднойчы Люсінда папрасіла ў мяне пачытаць рыцарскую кнігу, якую яна вельмі любіла. Гэта быў „Амадыс Гальскі“…

Толькі Дон-Кіхот пачуў успамін пра рыцарскую кнігу, як ён сказаў:

— Калі-б вы, міласць ваша, адразу-ж у пачатку вашай