Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/106

Гэта старонка не была вычытаная

гісторыі сказалі-б, што яе міласць сен’ёра Люсінда любіць рыцарскія кнігі, непатрэбна было-б ніякіх іншых тлумачэнняў, каб пераканаць мяне ў вялікім яе розуме. Я хацеў-бы толькі, каб вы, сен’ёр, разам з „Амадысам Гальскім“, паслалі ёй таксама яшчэ некалькі добрых кніг, спіс якіх я вам дам.

Пакуль Дон-Кіхот гаварыў толькі што паданыя словы, Кардэніё, апусціўшы галаву на грудзі, глыбока задумаўся. І хоць Дон-Кіхот двойчы паўтарыў яму, каб ён казаў далей сваё апавяданне, ён не адказаў ні слова. Нарэшце Кардэніё падняўся і сказаў:

— Я не магу адагнаць адну думку, і ніхто на свеце не можа вызваліць мяне ад яе — менавіта: што гэты найвялікшы круцель „маэстро“ Элісабад быў у любоўнай сувязі з каралевай Мадасіма…

— Гэта хлусня і брыдкі паклёп, — усклікнуў Дон-Кіхот (як звычайна, шпарка ўспыхнуўшы). — Каралева Мадасіма была самая прыстойная сен’ёра. Хто сцвярджае адваротнае, — хлусіць, і я бяруся давесці яму, пешы або конны, узброены або няўзброены, як яму захочацца.

Калі Кардэніё, на якога напаў яго прыпадак вар’яцтва, пачуў, што яго называюць ашуканцам і паклёпнікам, жарт гэты не спадабаўся яму. Ён падняў камень, які ляжаў каля яго, і кінуў яго так моцна ў грудзі Дон-Кіхоту, што той паваліўся ніц. Убачыўшы, як ён абыходзіцца з яго панам, Санчо кінуўся на вар’ята са сцятымі кулакамі. Але той паваліў і яго на зямлю і пакамечыў яму бакі. Казапас, які хацеў абараніць Санчо, пацярцеў таксама. Пасля таго, як ён усіх іх паваліў на зямлю і пабіў, ён пакінуў іх і спакойна пайшоў у горы, дзе і схаваўся. Дон-Кіхот запытаўся потым у казапаса, ці нельга будзе знайсці Кардэніё, бо ён адчувае моцнае жаданне пачуць канец яго гісторыі. Казапас сказаў, што няма дакладных вестак пра месцазнаходжанне звар’яцеўшага юнака, але калі Дон-Кіхот многа паездзіць па гэтай мясцовасці, ён абавязкова знойдзе яго ці ў нармальным розуме, ці звар’яцеўшага.