Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/114

Гэта старонка не была вычытаная

— Гэта яна і ёсць, — адказаў Дон-Кіхот, — тая самая, якая заслугоўвае быць уладаркай усяго свету.

— Я добра яе ведаю, — сказаў Санчо, — і магу пацвердзіць, што яна так лёгка кідае шост, як самы моцны хлопец у сяле. Клянуся богам, гэтая дзяўчына — чысты агонь, баявая, адважная і такая моцная, што кожнага вандроўнага рыцара, які абраў-бы яе сабе ў сен’ёры, яна можа выцягнуць за бараду з гразі. Якія ў яе здаровыя лёгкія і што за голас! Аднойчы яна паднялася на вясковую званіцу, каб паклікаць парабкоў, працуючых на полі яе бацькі, і яны, нават знаходзячыся на адлегласці больш поўмілі адтуль, пачулі яе так добра, нібы стаялі ўнізе ля званіцы. А лепш за ўсё тое, што яна ніколькі не жэманная, таму што ў яе надзвычайнае падабенства з прыдворнай дамай[1]; з усімі яна жартуе і з усіх смяецца і кпіць. Павінен прызнацца вам, ваша міласць, сен’ёр Дон-Кіхот, да гэтага часу я вельмі памыляўся, бо шчыра і цвёрда верыў, што сен’ёра Дульсінея — якая-небудзь прынцэса, у якую ваша міласць закахалася. Або знатная асоба, заслугоўваючая багатых падарункаў, якія міласць ваша пасылала ёй, напрыклад, біскайца, катаржнікаў і, напэўна, яшчэ многіх другіх, мяркуючы па таму, што ваша міласць, напэўна, атрымлівала і атрымала нямала перамог у той час, калі я яшчэ не быў у вас зброеносцам. Але калі добра разабрацца ў справе, якая-ж карысць сен’ёры Альдонсе Ларэнсо (я хацеў сказаць — сен’ёры Дульсінеі Табоскай) з таго, што да яе з’яўляюцца згінаць калені пераможаныя, якіх ваша міласць пасылала і будзе пасылаць ёй. Можа-ж здарыцца, што ў той самы час, калі яны да яе з’явяцца, яна будзе часаць лён або малаціць па таку, і яны, убачыўшы гэта, засмуцяцца, а яна засмяецца і пакпіць з вашага падарунка.

— Я і раней не раз казаў табе, Санчо, — сказаў Дон-Кіхот, — што ты вялікі гаварун і, хоць галава ў цябе тупаватая, ты

  1. Тут гульня слоў: „cortesana“ азначае прыдворную даму і даму лёгкіх паводзін.