Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/115

Гэта старонка не была вычытаная

часта ўмееш быць вельмі колкім. Для мяне дастаткова думаць і верыць, што добрая Альдонса Ларэнсо прыгожая і добрадзейная. А што тычыцца яе паходжання, гэта няважна: я лічу яе самай узвышанай прынцэсай на свеце.

— Я скажу, што вы, ваша міласць, гаворыце праўду, — адказаў Санчо, — а я — асёл. Не ведаю толькі, чаму слова „асёл“ трапіла мне на язык, таму што ў доме павешанага пра вяроўку не варта гаварыць. Але давайце ліст і бывайце — я іду.

Дон-Кіхот вынуў запісную кніжку, адышоў у бок і пачаў пісаць. Калі ён скончыў, ён паклікаў Санчо і сказаў, што хацеў-бы прачытаць яму ліст з тым, каб ён яго запомніў на выпадак, калі-б дарогай страціў.

— Прачытайце ліст, міласць ваша, я з задавальненнем паслухаю яго, бо ён, напэўна, не горш друкаванага.

— Слухай-жа, — сказаў Дон-Кіхот, — вось што я напісаў:

Ліст Дон-Кіхота да Дульсінеі Табоскай

„Неабмежаваная і найвышэйшая сён’ёра.

Паранены джалам разлукі, працяты да глыбіні сэрца, шле табе, найсаладзейшая Дульсінея Табоская, пажаданне здароўя той, хто сам яго не мае. Калі твая прыгожасць грэбае мною, калі перавага твая не на радасць мне, калі мэта тваёй знявагі — узмацніць мае пакуты, хоць я дастаткова загартаваны ў пакутах, у мяне не хопіць сілы вынесці гэта гора, якое, апрача таго, што яно вельмі вялікае, яшчэ і вельмі працяглае. Мой добры зброеносец Санчо падрабязна паведаміць цябе, — о, няўдзячная красуня, любая праціўніца мая! — да якога становішча я дайшоў дзеля цябе. Калі ты захочаш памагчы мне — я твой, калі-ж не — рабі, як табе захочацца, бо, спыніўшы жыццё маё, я здаволю гэтым тваю жорсткасць і ўласнае сваё жаданне!

Твой да труны

Рыцар Сумнага Вобразу“.