Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/118

Гэта старонка не была вычытаная

Але не ад’ехаў Санчо і сотні крокаў, як вярнуўся і сказаў:

— Мне здаецца, сен’ёр, міласць ваша казала зусім правільна: для таго, каб я мог, не абцяжарваючы свайго сумлення, паклясца, што бачыў, як вы рабілі шаленствы, мне-б варта паглядзець, прынамсі, на адно з іх, хоць я ўжо бачыў адно вельмі вялікае — тое, што міласць ваша астаецца тут.

— Казаў-жа я табе, — сказаў Дон-Кіхот, — пачакай, Санча, я зраблю некалькі шаленстваў.

І, паспешна скінуўшы з сябе панталоны, ён астаўся ў адной толькі сарочцы на голым целе і адразу-ж, не доўга думаючы, зрабіў два скачкі ў паветры і столькі-ж перакульванняў галавой уніз і нагамі ўгару. Санчо павярнуў Расінантэ, зусім здаволены тым, што можа цяпер клясца, што яго пан — вар’ят. Такім чынам, мы пакінем яго аднаго ехаць сваёй дарогай да звароту назад, а зварот гэты не прымусіў сябе доўга чакаць.


РАЗДЗЕЛ XIX
Працяг прыгожых выбрыкаў, зробленых Дон-Кіхотам у Сіера-Марэне ў якасці закаханага

Як толькі Дон-Кіхот, напалову голы, распрануты знізу і апрануты зверху, скончыў свае перакульванні і скачкі і ўбачыў, што Санчо паехаў, ён узлез на вяршыну высокай скалы і тут пачаў зноў разважаць пра тое, ці пераймаць яму аднаго рыцара ў буйных яго шаленствах, ці другога ў прыпадках суму. Складаючы вершы, уздыхаючы, просячы вільготнае сумнае рэха адгукнуцца, суцешыць і выслухаць яго, праводзіў Дон-Кіхот час, а таксама і ў пошуках траў, якімі ён мог-бы падтрымліваць сваё існаванне да звароту Санчо.

Аднак пакінем яго ўздыхаць і складаць вершы, і раскажам лепш, што здарылася з Санчо Панса.

Выехаўшы на вялікую дарогу, ён павярнуў у напрамку да Табосо і на наступны дзень даехаў да заезджага двара, дзе з ім здарылася няшчасце з падкідваннем на коўдры.