Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/119

Гэта старонка не была вычытаная

Толькі ўбачыў ён заезджы двор, як яму ўжо здалося, быццам ён зноў узлятае ў паветра, і ён не захацеў заязджаць туды, хоць якраз надышла абедзеная пара, і яму вельмі хацелася паесці чаго-небудзь гарачага. Гэта патрэба прымусіла яго пад’ехаць бліжэй да заезджага двара, хоць ён усё яшчэ быў у нерашучасці, ці заязджаць яму туды, ці не. Якраз у гэты час з заезджага двара вышлі два чалавекі, якія адразу апазналі яго, і адзін сказаў другому:

— Паглядзіце, сен’ёр лісенсіят, гэты вось коннік напэўна Санчо Панса, які, як нам казала ахмістрыня нашага шукальніка прыгод, паехаў разам з яе панам у якасці зброеносца.

— Так, — адказаў лісенсіят, — гэта ён і ёсць, а пад ім конь нашага Дон-Кіхота.

Яны не маглі не апазнаць яго, бо гэта былі поп і цырульнік з яго мястэчка, тыя самыя, якія наладзілі суд над кнігамі Дон-Кіхота і прысудзілі іх да спальвання. Канчаткова пераканаўшыся ў тым, што гэта — Санчо Панса і Расінантэ, яны падышлі да яго, жадаючы даведацца пра Дон-Кіхота. Поп запытаўся ў яго:

— Сябра Санчо Панса, дзе-ж астаўся пан ваш?

Санчо Панса адразу апазнаў іх, але парашыў схаваць ад іх месцазнаходжанне і становішча свайго пана. Ён адказаў, што яго пан заняты ў адным месцы адной справай, вельмі для яго важнай, а якой, ён не можа ім сказаць, хоць-бы за гэта пазбавіўся абодвух сваіх вачэй.

— Санчо Панса, — сказаў цырульнік, — калі вы нам не пакажаце, дзе ваш пан, мы падумаем, як мы ўжо цяпер думаем, што вы яго забілі і абрабавалі, бо вы едзеце вярхом на яго кані. Кажу вам: безадкладна дастаўце нам уласніка гэтага каня або вам давядзецца мець справу з намі.

— Няма чаго пагражаць мне, бо я не такі чалавек, каб рабаваць або забіваць каго-б там ні было, — сказаў Санчо. — Няхай кожнага забівае яго лёс! Мой пан астаўся там, у гэтых горах, дзе ён, к вялікаму свайму здавальненню, выконвае накладзеную ім на сябе эпітымію, — і адразу-ж Санчо, шпарка і не спыняючыся, расказаў ім пра становішча, у якім