Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/120

Гэта старонка не была вычытаная

ён пакінуў свайго пана; і аб прыгодах, якія здарыліся з імі, і пра тое, што ён пасланы адвезці ліст сен’ёры Дульсінеі Табоскай, а яна — дачка Ларэнсо Кархуэло, у якую Дон-Кіхот закаханы па вушы.

Абодва — і поп і цырульнік — былі вельмі здзіўлены ўсім тым, што расказаў ім Санчо Панса, хоць яны ўжо ведалі пра вар’яцтва Дон-Кіхота і пра тое, якога яно сорту, тым не менш кожны раз, калі чулі што-небудзь пра яго, не маглі не здзіўляцца зноў. Яны папрасілі Санчо паказаць ім ліст, які ён вёз сен’ёры Дульсінеі Табоскай. Санчо сказаў ім, што ліст гэты напісаны ў запісной кніжачцы, і што рыцар загадаў даць перапісаць яго на паперу ў першым сустрэчным сяле. Поп сказаў, што ён перапіша яго сам найлепшым почыркам. Санчо Панса сунуў руку за пазуху, шукаючы запісную кніжачку, але не знайшоў яе і не мог-бы знайсці, калі-б шукаў да сёнешняга дня, бо яна засталася ў Дон-Кіхота. Убачыўшы, што ён не знаходзіць кніжкі, Санчо пабялеў, як смерць, і пачаў паспешна абмацваць сабе ўсё цела. Канчаткова пераканаўшыся, што яе сапраўды няма, ён, без далейшага шукання, схапіў сябе абодвума рукамі за бараду і вырваў ледзь не палову яе, а потым, шпарка і не спыняючыся, ударыў некалькі разоў сябе па твары і па носу, так што ў яго пырснула кроў.

Убачыўшы гэта, поп і цырульнік запыталіся ў яго, што такое здарылася з ім, што ён так сурова карае сябе.

— Што здарылася!.. — усклікнуў Санчо. — Здарылася тое, што ў адзін момант я згубіў трох аслят, з якіх кожны варты быў цэлага замка.

— Якім чынам? — запытаўся цырульнік.

— Я згубіў запісную кніжку, — адказаў Санчо, — дзе быў ліст да Дульсінеі а таксама, асігноўка, падпісаная маім панам, у якой ён загадваў сваёй пляменніцы выдаць мне трох аслят з ліку чатырох або пяці, быўшых у яго дома. — І Санчо расказаў аб прапажы Шэрага.

Поп суцешыў яго, кажучы, што як толькі ён знойдзе Дон-Кіхота, то паклапоціцца, каб ён аднавіў асігноўку і на-