Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/124

Гэта старонка не была вычытаная

у залог за што далі новы падраснік папа. Цырульнік змайстраваў сабе вялікую бараду з рыжа-шэрага бычывага хваста, у які гаспадар двара меў звычай утыкаць грабёнку. Гаспадыня запыталася, на што ім спатрэбіліся ўзятыя імі рэчы. Поп у кароткіх словах расказаў ім пра вар’яцтва Дон-Кіхота і пра тое, што гэтыя рэчы неабходны ім, каб выцягнуць яго з горных цяснін, дзе ён цяпер знаходзіцца. Гаспадар і гаспадыня адразу здагадаліся, што гэты вар’ят — нядаўні госць, што рабіў у іх бальзам, і пан зброеносца, якога падкідвалі ўгару на коўдры, і расказалі папу ўсё, што ў іх з ім адбылося.

Гаспадыня прыбрала папа як нельга лепш. Яна апранула на яго суконную спадніцу, упрыгожаную палоскамі, выразанымі зубчыкамі, з чорнага мошаста, і карсет з зялёнага мошаста з кантамі з белага атласа. Поп не згадзіўся надзець на галаву жаночы ўбор і пакрыў яе шапачкай тонкага вышытага палатна, якую вазіў з сабою, каб, кладучыся спаць, надзяваць яе нанач, а лоб абвязаў палоскай чорнай тафты. З другой такой-жа паласы тафты ён зрабіў маску, добра закрываючую твар і бараду.

Потым ён насунуў сабе на вочы капялюш, які быў такім вялікім, што мог служыць яму парасонам, і, накрыўшыся кароткім плашчом, сеў па-жаночаму на мула, а цырульнік узлез на свайго, перад тым падвязаўшы сабе бараду, дасягаўшую яму да пояса, часткова рыжую, часткова белую, бо яна, як мы ўжо казалі, была змайстравана з хваста буланага быка.

Яны развіталіся з усімі. Але толькі яны выехалі з заезджага двара, папу прышло ў галаву, што ён нядобра зрабіў, пераапрануўшыся такім чынам. Як-бы ён ні прымаў блізка да сэрца пачынаемую ім справу, для свяшчэннаслужыцеля вельмі непрыгожа з’яўляцца ў падобных уборах. Сказаўшы пра гэта цырульніку, ён папрасіў яго памяняцца з ім вопраткаю, бо таму больш падыходзіць узяць на сябе ролю прыгнечанай дзяўчыны, якой патрэбна помач. А ён, поп, будзе зброеносцам і такім чынам менш запляміць свой сан.