Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/125

Гэта старонка не была вычытаная

У гэты час падышоў да іх Санчо і, убачыўшы іх абодвух у такіх уборах, не мог стрымацца ад рогату. Цырульнік згадзіўся выканаць тое, што жадаў поп; яны памяняліся ролямі, і поп пачаў тлумачыць цырульніку, як яму трэба трымацца і з якімі словамі ён павінен звярнуцца да Дон-Кіхота, каб прымусіць яго ісці з ім і пакінуць свае сховы. Цырульнік адказаў, што і без яго навучанняў ён зможа правесці сваю ролю. Але ён не захацеў адразу пераапранацца, а парашыў зрабіць гэта толькі тады, калі яны наблізяцца да месца, дзе знаходзіцца Дон-Кіхот. Ён склаў жаночую вопратку, а поп падвязаў сабе бараду, і яны паехалі далей; дарогу паказваў Санчо, які паведаміў ім усё, што здарылася ў іх з вар’ятам, сустрэтым імі ў горах, прычым аднак ён змоўчаў пра знойдзены ручны чамаданчык і што было ў ім, бо, пры ўсёй сваёй прастаце, ён быў некалькі прагавітым.

На паступны дзень яны прыехалі туды, дзе Санчо раскідаў галіны дрока, жадаючы абазначыць імі месца, паблізу якога пакінуў ён свайго пана. Убачыўшы гэтыя галіны, ён сказаў сваім спадарожнікам, што тут пачынаюцца горы, і цяпер ім трэба пераапрануцца, калі гэта патрэбна, каб вызваліць яго пана. Строга-настрага загадалі яму не гаварыць Дон-Кіхоту пра тое, што ён іх ведае, і хто яны такія. Калі-ж Дон-Кіхот яго запытае, ці аддаў ён ліст Дульсінеі, няхай адкажа, што аддаў і што яна, не ўмеючы чытаць, дала яму на словах адказ і загадала перадаць рыцару, што загадвае яму, пад страхам няміласці яе, адразу-ж ехаць убачыцца з ёю. Гэта надзвычайна важна і для самога Санчо, бо пры дапамозе гэтага і таго, што яны маюць на ўвазе сказаць Дон-Кіхоту, яны спадзяюцца вярнуць яго да лепшага для яго спосабу жыцця і так падзейнічаць на яго, што ён безадкладна накіруецца ў дарогу, каб зрабіцца імператарам або манархам.

Санчо ўсё ўважліва выслухаў і падзякаваў за добры іхні намер параіць яго пану зрабіцца імператарам, а не архіепіскапам, бо Санчо ўпэўнены, што імператары могуць