Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/126

Гэта старонка не была вычытаная

зрабіць больш міласцей сваім зброеносцам, як вандроўныя архіепіскапы. Сказаў ён ім таксама, што яму варта-б накіравацца наперад да Дон-Кіхота і паведаміць рыцару адказ сен’ёры Дульсінеі, бо мажліва, аднаго гэтага будзе дастаткова, каб выцягнуць яго з гэтага месца. У такім выпадку яны былі-б пазбаўлены ад лішняй труднасці і непакою.

Прапанова Санчо спадабалася яго спадарожнікам, і яны парашылі пачакаць, покуль ён вернецца і паведаміць, ці знайшоў ён свайго пана. Санчо паехаў у горныя цясніны, пакінуўшы папа і цырульніка ў лагчыне, праз якую працякаў невялікі празрысты ручай у прыемным цені ад некалькіх скал і росшых на яго берагах дрэў. Стаяў адзін з самых гарачых жнівеньскіх дзён, калі спякота ў той мясцовасці асабліва вялікая, і было каля трох гадзін пасля поўдня. У той час, як абодва яны адпачывалі ў цені, да іхніх вушэй даляцеў голас, які, хоць яму не акампанаваў ніякі інструмент, гучэў прыемна і пяшчотна. Здзіўленне іхняе яшчэ больш павялічылася, калі яны пераканаліся, што той, каго яны слухаюць, спявае вершы не простых пастухоў-сялян, а далікатныя песні.

Што ператварыла жыццё маё ў пакуту?
Разлука.
Што долі злой узмацніла плачэўнасць?
Рэўнасць.
Ушчэнт згубіла і сон, і радасць?
Пагарда.

Час дня, адзінота, голас і мастацтва спевака выклікалі захапленне і здзіўленне ў абодвух слухачоў; яны сядзелі, не рухаючыся, і чакалі, ці не пачуюць яшчэ чаго-небудзь. Пасля спеву пачуўся плач і раздзіраючыя душу стогны. Яны парашылі даведацца, хто той няшчасны, які спяваў так соладка і цярпеў так горка. Ісці давялося нядоўга: абагнуўшы выступ скалы, яны ўбачылі чалавека такога росту і выгляду, якія апісаў ім Санчо Панса, расказваючы гісторыю Кардэніё. Чалавек, убачыўшы іх, не спалохаўся, а спакойна сядзеў, апусціўшы галаву на грудзі, быццам глыбока задумаўшыся,