Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/130

Гэта старонка не была вычытаная

гожасць у такую недастойную яе вопратку і прывялі вас у гэтую пустэльную мясцовасць. Адкіньце спалох, выкліканы ў вас нашым з’яўленнем, і раскажыце нам пра ваш лёс, бо ва ўсіх нас разам і ў кожным паасобку вы знойдзеце жаданне памагчы вам у вашым горы!

Пераапранутая дзяўчына стаяла, як укопаная, і глядзела на ўсіх, не кажучы ні слова, як вясковы хлопец, якому нечакана паказваюць цікавыя і ніколі нябачаныя ім рэчы. Але пасля таго, як поп у другі раз звярнуўся да яе, яна глыбока ўздыхнула і пачала нарэшце гаварыць:

— Калі гэтыя горы не маглі схаваць мяне ад старонніх вачэй, распушчаныя мае валасы не дазваляюць мне сказаць хлусні. Дарэмна далей прыкідвацца. Раз гэта так, сен’ёры, дазвольце мне раней за ўсё падзякаваць вам за зробленую вамі прапанову, хаця я баюся, што апавяданне пра мае няшчасці, поплеч з жаласцю, выкліча ў вас і нездавальненне.

Зрабіўшы намаганне над сабой, каб стрымаць слёзы, набегшыя ёй на вочы, яна спакойным і выразным голасам пачала апавядаць гісторыю свайго жыцця.

— Тут, у Андалузіі ёсць мястэчка, ад якога адзін герцаг атрымаў свой тытул, што робіць яго адным з тых, каго ў Іспаніі называюць грандамі[1]. У яго два сыны — старэйшы і малодшы. Бацькі мае земляробы, людзі простыя, але багатыя, хоць яны ставілі вышэй за ўсякае багацце і знатнасць тое, што я іхняя дачка. З той прычыны, што я была адзінай іхняй наследніцай — другіх дзяцей у іх не было — а яны былі вельмі пяшчотнымі бацькамі, дык я расла самай балаванай з усіх балаваных дачок на свеце.

  1. Іспанскім грандам рабіўся ў былыя часы ў Іспаніі, без далейшых цэрамоній або заслуг, дваранін, якому кароль скажа: „cubraos“, г. зн. надзеньце капялюш на галаву. Пры Сервантэсе і ў цяперашні час усе гранды роўныя, але спачатку яны падзяляліся на тры разрады: надзяваўшыя капялюш на галаву ў прысутнасці караля раней, як кароль гаварыў з імі, надзяваўшыя яго пасля гэтага і тыя, што аставаліся з непакрытай галавой да таго часу, покуль ён не загаворыць з імі і яны не адкажуць яму.