Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/132

Гэта старонка не была вычытаная

да таго, што нібыта ён мне быў смяротным ворагам, і ўся яго стараннасць падначаліць мяне сваім жаданням мела толькі адваротныя вынікі.

Убачыўшы настойлівы характар залётаў дона Фернандо, бацькі парашылі выдаць мяне хутчэй замуж, разумеючы, што палкі юнак не можа зрабіцца маім мужам.

Даведаўшыся пра гэта, дон Фернандо аднойчы ўначы, не магу сабе ўявіць, як і якім чынам, пралез у мой пакой, і ў такіх выразах кахання і пяшчот пачаў прасіць мяне зрабіцца яго жонкай, што, падначаленая сіле яго пачуцця, я дала сваю згоду. Дон Фернандо ў самых палкіх выразах, з самай урачыстай кляцьбой даў мне слова зрабіцца маім мужам. Раней як ён паспеў дагаварыць, я прасіла яго добра падумаць, што ён робіць, і памятаць пра гнеў яго бацькі, калі той даведаецца, што сын яго ажаніўся на простай сялянцы, сваёй васалцы. Кляцьба дона Фернандо, сведкі, якіх ён заклікаў, слёзы, якія ён праліваў, і нарэшце прывабны яго выгляд — усё гэта, у злучэнні з многімі адзнакамі сапраўднага кахання, магло-б перамагчы і ўсякае другое, такое-ж вольнае і нявопытнае сэрца, якім было маё. Я паклікала сваю служанку. Дон Фернандо паўтарыў і пацвердзіў у яе прысутнасці сваю кляцьбу, заклікаючы ў сведкі святых, а на сваю галаву пасылаючы тысячы пракляццяў, калі ён не выканае таго, што абяцаў мне. Зноў вочы яго напоўніліся слязмі, уздыханні павялічыліся, ён яшчэ мацней сціснуў мяне ў сваіх абымках, з якіх увесь час не выпускаў мяне: і пасля таго, як з пакоя вышла мая дзяўчына, я перастала ёю быць, а ён зрабіўся адступнікам і здраднікам.

Развітваючыся з донам Фернандо, я сказала, што цяпер, калі я належу яму, ён можа тым-жа спосабам і ў другія ночы бачыцца са мной да таго часу, покуль не захоча расказаць пра тое, што здарылася. Але дон Фернандо прышоў толькі ў наступную ноч і больш ужо не з’яўляўся, хаця я ведала, што ён у горадзе і часта бывае на паляванні. Тыя дні і гадзіны, — добра ведаю я, якімі цяжкімі і горкімі былі яны для мяне! Я пачала сумнявацца і траціць веру ў