Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/134

Гэта старонка не была вычытаная

што на перакрыжаваннях вуліц натоўпамі збіраюцца пагутарыць пра гэта. Расказаў ён, нібыта ў тую ноч, калі дон Фернандо быў абвенчаны з Люсіндай, пасля таго, як яна згадзілася зрабіцца яго жонкай, яна страціла прытомнасць. Калі жаніх падышоў расшнураваць ёй вопратку, каб яна магла лепш дыхаць, ён знайшоў ліст, напісаны ўласнаручна Люсіндай, у якім яна растлумачвала, што не можа быць жонкай дона Фернандо, бо яна ўжо жонка Кардэніё, вельмі знатнага кабальеро з таго-ж горада; калі яна дала сваю згоду дону Фернандо, дык толькі для таго, каб не ісці супроць волі сваіх бацькоў. У лісце былі словы, якія давалі зразумець, што яна мае намер скончыць самагубствам адразу-ж пасля вянчання, і падавала таксама прычыны, прымушаўшыя яе да гэтага самагубства. Усё гэта, кажуць, пацвердзіў і кінжал, знойдзены ў складках яе вопраткі.

Калі дон Фернандо ўсё гэта ўбачыў, ён, думаючы, што Люсінда ашукала яго, зняважыла і пакпіла з яго, кінуўся да яе, раней як яна апамятавалася ад абамлення, і тым-жа знойдзеным кінжалам хацеў закалоць яе і зрабіў-бы гэта, каб яе бацькі і другія прысутныя не стрымалі яго. Расказвалі яшчэ, што дон Фернандо адразу паехаў, а Люсінда апамятавалася толькі на наступны дзень і абвясціла бацьку і матцы, што яна сапраўды жонка таго Кардэніё, пра якога я вам казала. І яшчэ я даведалася, што Кардэніё нібыта прысутнічаў пры вянчанні Люсінды і, убачыўшы яе павенчанай, у роспачы ўцёк з горада, пакінуўшы ліст, у якім пісаў, якую абразу зрабіла яму Люсінда, і што цяпер ён ідзе туды, дзе ніводнае людское вока не ўбачыць яго.

Яшчэ больш загаварылі пра гэта, калі прайшла вестка, што Люсінда знікла з бацькаўскага дома і з горада і што яе нідзе не маглі знайсці. Гэтыя весткі зкоў уваскрасілі мае надзеі. У той час, калі я яшчэ была ў горадзе, не ведаючы што рабіць, бо я не знаходзіла дона Фернандо, да вушэй маіх дайшла абвестка праз вулічнага глашатая, у якой абяцалася значная ўзнагарода таму, хто мяне знойдзе. З дакладнасцю апісваліся мой узрост і быўшая на мне воп-