Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/136

Гэта старонка не была вычытаная

— А хто-ж вы, брат, што ведаеце імя бацькі? Я-ж да гэтага часу, наколькі мне помніцца, расказваючы вам пра маё няшчасце, ні разу не ўспамянула вам імя майго бацькі?

— Я, сен’ёра, — адказаў Кардэніё, — той няшчасны, якога, мяркуючы па вашаму апавяданню, Люсінда абвясціла сваім мужам. Я — той самы Кардэніё, і подлыя паводзіны таго, хто і вас паставіў у цяперашняе ваша становішча, давялі мяне да становішча, у якім вы мяне цяпер бачыце: абадранага, напоўголага, пазбаўленага ўсякай чалавечай дапамогі і, што яшчэ горш, пазбаўленага розуму, бо я валодаю ім толькі ў кароткія прамежкі. Я — той, Даратэя, які прысутнічаў пры нахабным вераломстве дона Фернандо і чакаў, покуль не пачуў, як Люсінда сказала сваё „так“, згаджаючыся зрабіцца жонкай дона Фернандо. Я — той, які не меў мужнасці астацца і паглядзець, чым скончыцца яе непрытомнасць і што будзе, калі прачытаюць запіску, знойдзеную ў яе на грудзях, бо душа мая не мела сілы вытрымаць адразу столькі няшчасцяў. Такім чынам, страціўшы цярплівасць, я пакінуў дом, пакінуў ліст майму гаспадару з просьбай перадаць яго ў рукі Люсінды і ўцёк у гэтую пустэльную і дзікую мясцовасць з намерам скончыць тут рахунак з жыццём. Але лёс захацеў пакінуць мне жыццё; ён здаволіўся тым, што адабраў у мяне розум, можа з мэтаю захаваць мяне для шчасця сустрэцца з вамі. Мажліва, што лёс яшчэ рыхтуе для абодвух нас лепшае, чым мы думалі, выйсце з нашых пакут, бо, уявіўшы, што Люсінда не можа выйсці замуж за дона Фернандо, бо яна — мая, пра што яна голасна абвясціла, а дон Фернандо не можа ажаніцца на ёй, бо ён — ваш, мы можам спадзявацца яа тое, што ўсё будзе, як мы таго хочам. Клянуся вам сумленнем, я не пакіну вас да таго часу, покуль не ўбачу вас жонкай дона Фернандо. Калі я не змагу гэтага дасягнуць перакананнямі, прымусіўшы яго ўсвядоміць свой абавязак перад вамі, я выклічу яго на дуэль, патрабуючы ад яго адказу за знявагу, зробленую вам.