Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/137

Гэта старонка не была вычытаная

Даратэя была вельмі здзіўлена, слухаючы словы Кардэніё, і не ведала, як дзякаваць яго за велікадушную прапанову.

Поп адказаў за абодвух; ён падтрымаў благароднае рашэнне Кардэніё і асабліва пераконваў іх разам з ім ехаць у яго сяло, дзе яны могуць назапасіцца патрэбнымі ім рэчамі. Там яны ўжывуць захады да адшукання дона Фернандо або да звароту Даратэі к яе бацькам. Кардэніё і Даратэя падзякавалі папа і прынялі яго прапанову.

Цырульнік, які ўвесь час сядзеў моўчкі, таксама выступіў цяпер з невялікай прамовай і з не менш ветлівай прапановай служыць ім, у чым толькі можа. Разам з тым ён коратка паведаміў ім і прычыну, прывёўшую абодвух іх, і расказаў пра дзіўнае вар’яцтва Дон-Кіхота і пра тое, што яны чакаюць тут яго зброеносца, які накіраваўся шукаць яго.

Кардэніё ўспомніў, як скрозь сон, сваю сварку з Дон-Кіхотам і перадаў ім пра яе, але ён не мог сказаць, што было прычынай іхняй спрэчкі.

У гэты час яны пачулі крык і зразумелі, што гэта Санчо Панса. Не знайшоўшы іх на тым месцы, дзе пакінуў, ён пачаў з усёй сілы крычаць. Яны пайшлі яму насустрач і запыталіся пра Дон-Кіхота, а ён адказаў, што застаў яго напоўголым, у адной сарочцы, худога, жоўтага, напоўмёртвага ад голаду і ўздыхаючага па сваёй сен’ёры Дульсінеі. Але, хаця Санчо і паведаміў рыцару, што яна загадвае яму пакінуць гэтую мясцовасць і з’явіцца да яе ў Табосо, дзе чакае яго, Дон-Кіхот адказаў, што парашыў не з’яўляцца перад яе прыгожасцю да таго часу, покуль не зробіць учынкаў, пасля якіх ён будзе варты яе прыхільнасці.

— Калі-ж гэта будзе працягвацца такім чынам, — дадаў Санчо, — пану пагражае небяспека не толькі не зрабіцца імператарам, якім ён абавязаны быць, але нават і архіепіскапам. Такім чынам, памяркуйце, што вам зрабіць, каб вывесці яго з гэтай мясцовасці.

Поп заспакоіў Санчо, кажучы, што яны абавязкова выцягнуць Дон-Кіхота адсюль, хаця-б супроць яго волі, потым расказаў Кардэніё і Даратэі, які сродак яны прыдумалі,