Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/142

Гэта старонка не была вычытаная

павяду, і абяцалі не брацца за другую справу і не шукаць другой прыгоды, покуль не адпомсціце здрадніку, які адабраў у мяне маё каралеўства.

— Паўтараю, адказаў Дон-Кіхот, — што я выканаю вашу просьбу, і з гэтай прычыны можаце, сен’ёра, з сёнешняга дня прагнаць з свае душы сум, які мучыць вас, бо, з дапамогаю мае рукі, вы хутка вернецеся ў сваё каралеўства і сядзеце на трон старажытнай і вялікай вашай дзяржавы. А цяпер возьмемся за справу, бо ў павольнасці, як кажуць, хаваецца звычайна небяспека.

Гаруючая дзяўчына з вялікай упартасцю імкнулася пацалаваць у Дон-Кіхота рукі, але ён, будучы ва ўсім сапраўдным і ветлівым рыцарам, ні за што не дапусціў да гэтага. Наадварот, ён прымусіў яе падняцца, пацалаваў яе вельмі ветліва і загадаў Санчо падцягнуць падпругі ў Расінантэ і падаць яму ўзбраенне.

Санчо ўзяў узбраенне, якое вісела на дрэве, і, падцягнуўшы падпругу Расінантэ, у адну хвіліну надзеў узбраенне на свайго пана, і ён, убачыўшы сябе ўзброеным, усклікнуў:

— Едзем адсюль, у імя бога, на абарону гэтай вялікай сен’ёры!

Цырульнік усё яшчэ стаяў на каленях і ледзь стрымліваў свой смех і падтрымліваў бараду. Але, ўбачыўшы паспешнасць, з якой Дон-Кіхот рыхтаваўся выканаць сваё абяцанне, цырульнік падняўся, узяў сваю сен’ёру за другую руку і разам з рыцарам пасадзіў яе на мула. Адразу-ж і Дон-Кіхот сеў на Расінантэ, цырульнік прыстроіўся на сваёй верхавой жывёле, а Санчо давялося ісці пехатой, што зноў абудзіла ў ім гора аб прапажы Шэрага, адсутнасць якога давала сябе ведаць. Аднак усё гэта ён сцярпеў, упэўнены ў тым, што яго пан цяпер ужо недалёкі ад імператарства, бо ён ніколі не сумняваўся, што Дон-Кіхот ажэніцца на прынцэсе і будзе, прынамсі, каралём краіны Мікамікон. Адно толькі непакоіла Санчо — думка, што каралеўства гэтае ў краіне неграў і што будучыя яго падданыя — чорна-