Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/148

Гэта старонка не была вычытаная

ваша вялікасць лёгка можа аднавіць у зацямнёнай сваёй памяці ўсё, што вам трэба расказаць нам.

— Гэта зусім правільна, — адказала дзяўчына, — і я думаю, што наперад мне ўжо не спатрэбіцца больш ніякай дапамогі, бо я сама давяду праўдзівую сваю гісторыю да добрага канца. Такім чынам вось яна. Кароль, мой бацька, якога звалі Тынакрыё Мудры, быў вялікім знаўцам мастацтва, якое завецца магіяй. Дзякуючы сваёй навуцы ён даведаўся, што каралева, мая маці, па імені Харамілья, павінна памерці раней за яго; хутка потым і яму самому давядзецца развітацца з жыццём, а я астануся круглай сіратой, без бацькі і маткі. Але, казаў ён, яго не столькі напалохала гэта, колькі весткі, што велізарны волат, уладар вялікага вострава, амаль сумежнага з вашым каралеўствам, па імені Пандафіландо Цёмны Погляд, пачуўшы пра маё сіроцтва, узарвецца з вялікай ваеннай сілай у маё каралеўства і адбярэ ў мяне ўсё, не пакінуўшы нават вёскі, дзе-б я знайшла сабе прытулак.

Я магу ўнікнуць усяго гэтага разбурэння і няшчасця, калі згаджуся выйсці замуж за яго, хаця, наколькі мой бацька мог прадбачыць, ён быў упэўнены, што я ніколі не згаджуся на такі няроўны шлюб. У гэтым ён меў рацыю, бо мне ніколі і ў галаву не прыходзіла выйсці замуж не толькі за гэтага волата, але і ні за якога другога, якім-бы ён ні быў вялікім.

Бацька сказаў мне таксама, што пасля таго, як ён памрэ, і Пандафіландо пачне захапляць маё каралеўства, я не павінна абараняцца, бо гэта прывяло-б да маёй гібелі, а добраахвотна, без ніякага супраціўлення павінна даць яму завалодаць каралеўствам, калі жадаю папярэдзіць разню і поўнае знішчэнне маіх добрых і верных падданых, і адразу-ж з некаторымі з маіх блізкіх павінна накіравацца Ў Іспанію. Там знайду я дапамогу гору, сустрэўшыся з вандроўным рыцарам, слава якога распаўсюдзіцца ў той час па ўсёй гэтай дзяржаве, і будзе ён называцца — калі я добра помню — Дон-Асотэ або Дон-Гіготэ.