Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/153

Гэта старонка не была вычытаная

Санчо, — і я дам дакладны адказ пра ўсё, але ўпрашаю міласць вашу, сен’ёр мой, не будзьце наперад такім злосным.

— Забудзем, сябра Панса, усе нашы сваркі. Скажы мне цяпер, адкінуўшы ўсякую злосць і крыўду, дзе, як і калі ўбачыў ты Дульсінею? Што яна рабіла? Што ты сказаў ёй? Што яна табе адказала? Які быў выраз яе твара, калі яна чытала ліст? Хто перапісаў яго табе?

— Сен’ёр, — адказаў Санчо, — калі ўжо казаць праўду, ліста мне ніхто не перапісваў, бо ў мяне і не было ніякага ліста.

— Яно так і ёсць, як ты кажаш, — сказаў Дон-Кіхот, — і я знайшоў у сябе праз два дні пасля твайго ад’езду запісную кніжачку, у якой я напісаў ліст. Я думаў, што ты адразу-ж вернешся, як толькі заўважыш, што яго няма ў цябе.

— Я-б гэта і зрабіў, — сказаў Санчо, — калі-б не запомніў ліст напамяць, калі ваша міласць чытала мне яго. Я пераказаў яго панамару, які з маіх слоў запісаў яго кропка ў кропку.


РАЗДЗЕЛ XXIV
Аб прыемнай гутарцы, якая адбылася між Дон-Кіхотам і яго зброеносцам Санчо Панса, а таксама і пра іншыя падзеі

Усё гэта нядрэнна, — сказаў Дон-Кіхот, — прадаўжай. Ты прыехаў; што-ж рабіла гэтая каралева прыгожасці? Напэўна, ты заспеў яе нанізваючай перлы або вышываючай залатымі ніткамі які-небудзь дэвіз для паланёнага ёю рыцара?

— Не, — адказаў Санчо, — я не заспеў яе за гэтай справай, а яна прасейвала два чацверыкі пшаніцы на заднім двары свайго дома.

— У такім выпадку, — сказаў Дон-Кіхот, — лічы, што зерняты той пшаніцы, да якой датыкалася яе рука, былі перламі… ну, далей. Калі ты перадаў ёй мой ліст, пацалавала яна яго? Ці палажыла сабе на галаву?[1] Ці зрабіла што- небудзь, вартае такога паслання?

  1. Пакласці ліст сабе на галаву, перш як чытаць яго, лічылася ў той час адзнакай вышэйшай пашаны да напісаўшага ліст, а пацалаваць яго было, як і цяпер, адзнакай кахання.