Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/154

Гэта старонка не была вычытаная

— Калі я падышоў да яе, каб перадаць ёй ліст, — адказаў Санчоў, — я яе застаў у самым разгары работы: яна прасейвала вялікую кучу пшаніцы, быўшай у яе ў рэшаце, і сказала мне: „Пакладзіце, сябра, ліст на той мех, бо я не магу яго прачытаць раней, як скончу прасейваць усё, што ў мяне тут у рэшаце“.

— Разумная сен’ёра, — сказаў Дон-Кіхот, — яна павінна была так зрабіць, каб потым, калі будзе час, прачытаць ліст і нацешыцца з яго. Прадаўжай, Санчо. А ў той час, як яна была занята сваёй справай, якую вы з ёю вялі гутарку? Што яна пыталася ў цябе пра мяне? Што ты ёй адказаў? Раскажы мне ўсё, як ёсць, да апошняй дробязі.

— Яна нічога ў мяне не запытвала, але я ёй сказаў, якім чынам міласць ваша, жадаючы служыць ёй, робіць эпітыміі, аголены ад пояса ўверх, пасяліўшыся сярод гэтых гор, як дзікун, дзе вы спіце на зямлі, не ядзіце хлеба са стала, не чэшаце сабе барады, а ўсё толькі плачаце і праклінаеце свой лёс.

— Сказаўшы, што я праклінаю свой лёс, ты дрэнна сказаў, — заўважыў Дон-Кіхот, — бо, наадворот, я бласлаўляю свой лёс за тое, што ён даў мне шчасце кахаць такую высокую сен’ёру, як Дульсінея Табоская.

— Такая яна высокая, — сказаў Санчо, — што, далібог, яна вышэй мяне больш, як на далонь.

— Як так, Санчо? — запытаў Дон-Кіхот. — Хіба ты мераўся з ёю?

— Я мераўся з ёю вось якім чынам, — адказаў Санчо, — калі я ёй памагаў ускінуць мех пшаніцы на асла, мы сталі вельмі блізка адзін да аднаго; і яне мог не ўбачыць, што яна вышэй мяне на добрую пядзь.

— Няма сумнення, — сказаў Дон-Кіхот, — што гэты яе высокі рост злучаны з тысяччу мільёнаў душэўных якасцей, упрыгожваючых яе. Але адну рэч, Санчо, ты не можаш адмаўляць: калі ты да яе наблізіўся, напэўна, ты адчуў які-небудзь надзвычайна добры пах, тонкі арамат.

— Магу сказаць толькі тое, — адказаў Санчо, — што я