Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/158

Гэта старонка не была вычытаная

— Я лічу гэты звычай вельмі добрым, — сказаў Санчо, — але, напэўна, прытрымліваліся яго толькі ў былыя часы. А цяпер, як відаць, у звычаі дараваць толькі кавалак хлеба з сырам, бо менавіта гэта дала мне сен’ёра Дульсінея цераз палісад двара, калі я развітваўся з ёю.

— Яна шчодрая бязмежна, — сказаў Дон-Кіхот. — Калі-ж яна не дала табе каштоўнай залатой рэчы, то, без сумнення, гэта з той прычыны, што ў яе нічога не было пад рукой, каб даць табе. Але я ўбачуся з ёй, і ўсё будзе выпраўлена. Як, па-твойму, павінен я зрабіць цяпер адносна загаду маёй сен’ёры з’явіцца пабачыцца з ёю? Хаця я добра разумею, што абавязаны падначаліцца яе волі, але таксама бачу, што не магу гэта зрабіць з прычыны абяцання, дадзенага мною прынцэсе. Але вось што я мяркую зрабіць — як мага шпарчэй рухацца, каб хутчэй даехаць туды, дзе знаходзіцца гэты волат. Як прыеду, я адсяку яму галаву і вярну прынцэсе мірнае валоданне яе каралеўствам, пасля чаго безадкладна паспяшаюся назад і потым дам ёй, сен’ёры маёй, сваё апраўданне. Яна ўхваліць мае ўчынкі, бо пераканаецца, што ўсё робіцца да ўзвелічэння яе славы і вядомасці.

— Ах, — усклікнуў Санчо, — да чаго галава вашай міласці поўна недарэчнасцей! Але скажыце мне, сен’ёр, няўжо міласць ваша мяркуе зрабіць гэта падарожжа ні за што, ні пра што адпіхнуць ад сябе і выпусціць такую багатую і знатную жаніцьбу, як гэтая, дзе ў пасаг даюць каралеўства, маючае, як я чуў, больш за дваццаць тысяч міль навакол? Паслухайцеся маёй парады і вянчайцеся адразу ў першым мястэчку, дзе будзе поп, а калі няма, тут перад намі лісенсіят, які змайструе гэтую справу як мае быць. Верабей у руках лепш за каршуна ў паветры.

— Слухай, Санчо, — сказаў Дон-Кіхот, — калі ты даеш мне параду жаніцца толькі для таго, каб я адразу зрабіўся каралём, забіўшы волата, і меў мажлівасць зрабіць табе ласку і даць абяцанне, то даводжу да твайго ведама, што і не ажаніўшыся, я лёгка змагу выканаць тваё жаданне. Раней