Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/161

Гэта старонка не была вычытаная

скуру, як са святога Варфаламея. Пры кожным удары, якім ён біў мяне, ён гаварыў жарты, або кпіны, здзекваючыся з вашай міласці, і калі-б я не адчуваў такога моцнага болю, я-б смяяўся з таго, што ён казаў. Ён так са мной расправіўся, што я да гэтага часу ляжаў у больніцы і лячыўся ад пабояў, зробленых мне гэтым злосным селянінам. А віною ўсяму вы, ваша міласць, бо калі-б вы ехалі сваёй дарогай і не з’явіліся туды, куды вас не клікалі, або не ўмешваліся-б у чужыя справы, мой гаспадар, пачаставаўшы мяне адной або двума тузінамі ўдараў, задаволіўся-б гэтым і адразу-ж адвязаў-бы і заплаціў-бы, што вінен.

— Памылка складалася з таго, — сказаў Дон-Кіхот, — што я паехаў; гэтага не трэба было рабіць, покуль ён не заплаціў табе. Але-ж ты помніш, Андрэс, што я кляўся, калі ён табе не заплоціць, знайсці яго — і я знайду, хоць-бы ён схаваўся ў чэраве кіта.

— Гэта праўда, — сказаў Андрэс, — але карысці не вышла з гэтага.

— Убачыш цяпер, ці выйдзе з гэтага карысць! — усклікнуў Дон-Кіхот, потым паспешна падняўся і загадаў Санчо завуздаць Расінантэ, які пасвіўся на лузе.

Даратэя запыталася ў Дон-Кіхота, што ён мяркуе рабіць. Ён адказаў, што мяркуе знайсці таго подлага чалавека, каб пакараць яго за брыдкія паводзіны і прымусіць яго заплаціць Андрэсу да апошняга мараведыса, наперакор і на зло ўсім нягоднікам у свеце. Даратэя напомніла яму, што ён не можа заняцца якой-небудзь іншай справай, пакуль яе справа не будзе даведзена да канца.

— Вы праўду кажаце, — адказаў Дон-Кіхот, — і з гэтай прычыны Андрэсу воляй-няволяй давядзецца пацярпець да майго звароту, як вы, сен’ёра, сказалі. Але я яшчэ раз клянуся і зноў абяцаю не заспакоіцца да таго часу, покуль не адпомшчу за яго і не прымушу яго гаспадара заплаціць.

— Не веру я ў гэтую кляцьбу, — сказаў Андрэс, — і лепш за ўсякую помсту на свеце палічыў-бы тое, каб у мяне было з чым даехаць цяпер да Севільі. Дайце мне што-не-