Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/162

Гэта старонка не была вычытаная

будзь паесці і ўзяць з сабой і аставайцеся з богам вы, міласць ваша, і ўсе вандроўныя рыцары, якія ў пакаранне сабе няхай так-жа добра вандруюць, як гэта раблю з-за іх я.

Санчо даў яму з сваіх запасаў кавалак хлеба і кавалак сыру.

Андрэс узяў хлеб і сыр, і, убачыўшы, што ніхто больш яму не дае, апусціў галаву і пайшоў сваёй дарогай. Аднак, адыходзячы, ён сказаў Дон-Кіхоту:

— Прашу вас, дзеля бога, сен’ёр вандроўны рыцар, калі вы мяне ў другі раз сустрэнеце, нават калі-б вы бачылі, што мяне сякуць на кавалкі, не заступайцеся за мяне, не памагайце мне і будзьце вы пракляты разам з усімі вандроўнымі рыцарамі, калі-небудзь жыўшымі на свеце!

Дон-Кіхот сабраўся падняцца, каб пакараць хлапчука, але той кінуўся ўцякаць так шпарка, што ніхто не адважыўся дагнаць яго.

Дон-Кіхот быў вельмі засаромлены апавяданнем Андрэса, і астатнія павінны былі зрабіць вялікія намаганні над сабой, каб не засмяяцца і не збянтэжыць яго канчаткова.


РАЗДЗЕЛ XXV,
у якім апавядаецца пра тое, што здарылася на заезджым двары са спадарожнікамі Дон-Кіхота

Скончыўшы шыкоўны свой абед, усе адразу-ж асядлалі коней і мулаў і, не сустрэўшы па дарозе нічога, пра што варта было-б расказаць, на наступны дзень прыехалі да заезджага двара, які наганяў такі спалох і жах на Санчо Панса.

Гаспадар і гаспадыня заезджага двара, іхняя дачка і Марыторнес, убачыўшы Дон-Кіхота і Санчо, вышлі да іх на сустрач з вялікай радасцю, якую рыцар прыняў з важным выглядам, але спрыяльна, і сказаў ім, каб яны падрыхтавалі яму пасцель лепшую за тую, на якой ён у мінулы раз спаў. Гаспадыня на гэта адказала: калі ён лепш заплоціць, як у мінулы раз, яна дасць яму пасцель, годную для прынца.

Дон-Кіхот абяцаў заплаціць.