Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/164

Гэта старонка не была вычытаная

— Не ведаю, як гэта можа быць, бо, кажучы па праўдзе, наколькі я разумею, няма лепшага чытання на свеце. У мяне тут дзве або тры падобныя кнігі поплеч з другімі творамі, і сапраўды, яны ўдыхнулі ў мяне новае жыццё, і не толькі ў мяне, але і ва многіх другіх. У свята, у час жніва, у мяне збіраецца многа жняцоў, і заўсёды сярод іх ёсць хто-небудзь, які ўмее чытаць. Ён бярэ ў рукі адну з гэтых кніг, а мы, чалавек трыццаць і больш, сядаем вакол яго і слухаем з вялікай асалодай, якая захоўвае нас ад сівізны. Прынамсі, пра сябе магу сказаць, што, калі я чую пра тыя страшэнныя і шалёныя ўдары, якія робяць рыцары, мяне ахапляе жаданне зрабіць тое-ж самае, і я гатоў-бы слухаць гэтае чытанне дзень і ноч.

— І я той-жа думкі, — сказала гаспадыня, — бо ніколі ў доме не бывае так спакойна, як у той час, калі вы слухаеце чытанне: вы так паглыблены ў яго, што толькі тады і забываеце лаяцца са мной.

— Гэта праўда, — сказала Марыторнес, — і я таксама з вялікім задавальненнем слухаю ўсе гэтыя рэчы, якія так займальны: асабліва, калі расказваюць, як сен’ёра абымаецца са сваім рыцарам пад апельсінным дрэвам.

— А вы, маладая Сен’ёра, што вы скажаце? — запытаўся поп, звяртаючыся да гаспадаравай дачкі.

— Не ведаю, клянуся жыццём, сен’ёр, — адказала яна. — Я слухаю таксама чытанне, і, кажучы па праўдзе, хаця я і не разумею нічога, але мне прыемна слухаць. Толькі мне падабаюцца не ўдары, што даюць такое задавальненне майму бацьку, а скаргі рыцараў, калі яны ў разлуцы са сваімі дамамі. Прызнаюся, іншы раз я плачу ад жаласці да іх.

— Значыць, вы суцешылі-б іх, любая дзяўчына, — сказала Даратэя, — калі-б яны плакалі з-за вас?

— Не ведаю, што-б я зрабіла, — адказала дзяўчына. — Ведаю толькі, некаторыя з сен’ёр такія жорсткія, што рыцары называюць іх тыграмі, львамі і тысячай іншых брыдкіх імёнаў. Не магу зразумець, што гэта за бяздушныя і бессумленныя стварэнні, якія, не жадаючы глянуць на ша-