Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/165

Гэта старонка не была вычытаная

ноўнага чалавека, дапушчаюць, каб ён памёр або звар’яцеў. Я не ведаю, навошта столькі манернасці. Калі яны гэта робяць з сціпласці, няхай выходзяць за іх замуж, бо тыя нічога другога і не жадаюць.

— Маўчы, дзіця, — сказала гаспадыня, — як відаць, ты ведаеш нямала пра гэтыя рэчы, а дзяўчыне не падыходзіць ні ведаць, ні гаварыць так многа.

— Але гэты сен’ёр пытаўся ў мяне, і я не магла не адказаць яму, — засупярэчыла дзяўчына.

— Але, — дадаў гаспадар, — я не буду такім вар’ятам, каб зрабіцца вандроўным рыцарам. Я-ж добра бачу, што цяпер не ў звычаі тое, што было звычаем у тыя часы, калі, як кажуць, гэтыя славутыя рыцары вандравалі па свеце.

Сярод гэтай гутаркі Санчо ўвайшоў у пакой і вельмі замяшаўся, пачуўшы, што вандроўныя рыцары цяпер ужо не ў звычаі, і ўсе рыцарскія кнігі — недарэчнасць і хлусня. Ён парашыў пачакаць, чым скончыцца падарожжа, і калі яно не будзе такім шчаслівым, як ён спадзяваўся, ён кіне свайго пана і вернецца да жонкі і дзяцей і да звычайных сваіх заняткаў.

Глыбока задумаўшыся, ён накіраваўся да сябе, парашыўшы добра выспацца. Астатнія засталіся ціха сядзець ля стала і гутарыць.


РАЗДЗЕЛ XXVI,
у якім апавядаецца пра жорсткую і незвычайную бойку Дон-Кіхота з некалькімі бурдзюкамі чырвонага віна і аб другіх цікавых падзеях, якія здарыліся на заезджым двары.

Раптам з каморкі, у якой спаў Дон-Кіхот, выбег страшэнна спалоханы Санчо Панса і гучна закрычаў:

— Хутчэй, сен’ёры, бяжыце і памажыце майму пану, пачаўшаму самую жорсткую бойку, якую калі-небудзь бачылі мае вочы. Клянуся богам, ён зрабіў такі ўдар мячом па волату, ворагу сен’ёры прынцэсы Мікаміконы, што адрэзаў яму галаву ад тулава чыста-на-чыста, як рэпу.