Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/169

Гэта старонка не была вычытаная

Яны пакінулі яго спаць і вышлі да варот заезджага двара суцяшаць Санчо Панса ў тым, што ён не знайшоў галавы волата, хаця яшчэ больш цяжка было ім заспакоіць гаспадара двара, які быў у роспачы ад раптоўнай гібелі сваіх бурдзюкоў, а гаспадыня лемантавала:

— У няшчасную хвіліну з’явіўся да мяне ў дом гэты вандроўны рыцар! Хацела-б я, каб ніколі мае вочы не бачылі таго, хто так дорага абыйшоўся мне! У мінулы раз ён паехаў, не заплаціўшы за начлег і вячэру для яго і зброеносца, за салому і ячмень для каня і асла, кажучы, што ён — рыцар-шукальнік прыгод, — няхай пашле бог няшчасце яму і ўсім шукальнікам прыгод, колькі-б іх ні было на свеце, — і ён не абавязаны плаціць за што-б там ні было: так нібыта напісана ў правілах вандроўнага рыцарства. А цяпер з-за яго прышоў вось той сен’ёр, забраў у мяне мой хвост і вярнуў мне яго абшчыпаным, са стратай больш як на палову рэала. Цяпер у мяне пратыкаюць бурдзюкі і праліваюць маё віно — хоць-бы ўбачыць мне пралітаю яго кроў! Але няхай ён сабе не задаецца, клянуся прахам майго бацькі і душой мае маткі, на гэты раз яны заплоцяць мне ўсё да апошняга граша.

Гэтыя прычытанні гаспадыня двара выкрыквала ў вялікім гневе, прычым ёй памагала добрая служанка Марыторнес. Гаспадарова-ж дачка маўчала і толькі час ад часу ўсміхалася. Поп вярнуў спакой, абяцаўшы гаспадарам заплаціць, наколькі можа, за ўсе іхнія страты: і за бурдзюкі, і за віно, і асабліва за сапсаваны хвост, які яны так высока цэняць.

Даратэя суцяшала Санчо Панса:

— Як толькі пацвердзіцца, што ваш пан сапраўды адсек галаву волату, я, пачаўшы мірна валодаць сваім каралеўствам, абяцаю даць вам лепшае з графстваў у маёй дзяржаве.

Санчо заспакоіўся гэтым і ўгаварваў прынцэсу не сумнявацца ў тым, што ён сапраўды бачыў галаву волата, і, як далейшы доказ, сказаў яшчэ, што барада ў яго была аж да пояса. А калі не знаходзяць галаву, дык толькі з той