Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/171

Гэта старонка не была вычытаная

— Кажучы сумленна, сен’ёр, я не змагу вам сказаць, што гэта за людзі. Ведаю толькі, што яны, як відаць, знатныя сен’ёры, асабліва той, які памог злезці з каня даме. Кажу гэта таму, што ўсе астатнія абыходзяцца з ім з павагай і робяць усё, што ён хоча і загадвае.

— А сен’ёра? Хто яна такая? — запытаў поп.

— І гэтага не магу вам сказаць, — адказаў слуга, — бо ўсю дарогу я не бачыў яе твара, хоць чуў многа разоў, як глыбока яна ўздыхала, што здавалася, пасля кожнага ўздыху яна гатова памерці. Мой таварыш і я не больш двух дзён едзем з гэтымі панамі. Мы сустрэлі іх па дарозе, і яны ўгаварылі нас ісці з імі да Андалузіі, абяцаўшы добра нам заплаціць.

— Ці чулі вы, як завуць каго-небудзь з іх? — запытаўся поп.

— Не, не чулі, — адказаў слуга, — бо ўсе яны едуць такімі маўклівымі, што проста дзіва. Чуюцца толькі ўздыхі і ўсхліпванні беднай сен’ёры, абуджаючыя ў нас жаласць. Мы глыбока пераконаны, што куды-б яе ні везлі, яе вязуць сілай. Наколькі можна здагадвацца па яе вопратцы, яна — манашка або хутка зробіцца ёю; апошняе больш праўдападобна. Мажліва менавіта таму, што ёй супроць волі даводзіцца ісці ў манастыр, яна і едзе такая тужлівая і сумная.

— Усё можа быць, — сказаў поп і, пакінуўшы слуг, вярнуўся туды, дзе была Даратэя, якая, пачуўшы, што дама ў масцы ўздыхае, ахопленая ўласцівай ёй жаласцю, падышла да яе і сказала:

— Што з вамі, сен’ёра, што баліць у вас? Ад усёй душы прапаную вам свае паслугі.

Тужлівая сен’ёра адказала маўклівасцю, і хаця Даратэя яшчэ больш настойліва прапанавала свае паслугі, дама маўчала, покуль нарэшце замаскаваны кабальеро (той, пра якога слуга казаў, што ўсе астатнія падначальваюцца яму) не падышоў і не сказаў Даратэі.

— Не трэба, сен’ёра, прапаноўваць што-б там ні было гэтай жанчыне. Не ў яе звычаях быць удзячнай за тое, што