Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/177

Гэта старонка не была вычытаная

і накіраваўся з імі ў манастыр, дзе знаходзілася Люсінда, але не захацеў гаварыць з ёю, баючыся, што калі даведаюцца пра яго прыезд, манастыр будуць лепш ахоўваць. Дачакаўшыся дня, калі дзверы ў манастыр былі адчынены, ён паставіў двух таварышоў вартаваць ля гэтых дзвярэй, а з трыма ўвайшоў у манастыр, шукаючы Люсінду, якую застаў у манастырскім калідоры гутарачай з манашкай. Ён схапіў яе, не даўшы ёй часу супраціўляцца, і адвёз у такое месца, дзе можна было назапасіцца неабходным, каб павезці яе далей. Усё гэта яны маглі зрабіць у поўнай бяспецы, бо манастыр стаяў у полі, далёка ад горада.

Расказаў ён таксама, што Люсінда, убачыўшы сябе ў яго ўладзе, абамлела, а калі апамятавалася, толькі і рабіла, што плакала і стагнала, не кажучы ні слова. Такім чынам, у маўчанцы і слязах, яны даехалі да гэтага заезджага двара.


РАЗДЗЕЛ XXVII,
у якім працягваецца гісторыя славутай прынцэсы Мікаміконы з іншымі цікавымі прыгодамі

Усё гэта слухаў Санчо з нямалым болем у душы, убачыўшы, што надзеі яго на атрыманне графскага або іншага высокага тытула знікаюць і ператвараюцца ў дым. Прыгожая прынцэса Мікамікона ператварылася ў Даратэю, а волат — у дона Фернандо, у той час як яго пан спіць салодкім сном, зусім не клапоцячыся пра тое, што адбываецца вакол яго.

Даратэя ўсё яшчэ не магла паверыць, што выпаўшае на яе долю шчасце не прыснілася ёй. Падобныя-ж думкі ахаплялі і Кардэніё, і Люсінда была ў такім-жа настроі. Адным словам, усе, хто знаходзіўся на заезджым двары, былі рады шчасліваму канцу такіх цяжкіх абставін. Поп прывітаў кожнага з дасягнутым ім шчасцем. Але больш за ўсіх радавалася гаспадыня заезджага двара, бо Кардэніё і поп абяцалі ёй заплаціць за ўсе страты, зробленыя ёй Дон-Кіхотам. Адзін толькі Санчо, як ужо сказана, быў сумным і няшчас-