Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/178

Гэта старонка не была вычытаная

ным. Ён з панурым выглядам прышоў да свайго пана, які толькі што прачнуўся, і сказаў:

— Сен’ёр Сумнага Вобразу, ваша міласць можа цяпер спаць, колькі захоча, не клапоцячыся пра тое, каб забіць волата і вярнуць прынцэсе яе каралеўства, бо ўсё ўжо зроблена і закончана.

— Ахвотна веру гэтаму, — адказаў Дон-Кіхот, — бо ў мяне з волатам была самая страшэнная і жорсткая бойка, якой напэўна больш ужо не будзе ў маім жыцці, і ад аднаго ўдару з размаху галава яго паляцела на падлогу, і столькі палілося крыві, што ручаі яе цяклі па зямлі, як вада.

— Як чырвонае віно, трэба было лепш сказаць вашай міласці, — адказаў Санчо, — бо вам трэба ведаць, што забіты волат — працяты бурдзюк, кроў — тры вядры чырвонага віна ў яго вантроб’і. Няхай усё гэта разам возьме д’ябал!

— Што ты кажаш, вар’ят! — засупярэчыў Дон-Кіхот. — Ці ў розуме ты?

— Няхай міласць ваша падымецца, — сказаў Санчо, — ўбачыць, якую прыгожую гісторыю вы зрабілі і колькі нам давядзецца заплаціць. Вы ўбачыце каралеву, ператвораную ў звычайную даму па імені Даратэя, і іншыя падзеі, якія, калі вы зразумееце іх, здзівяць вас.

— Нішто накшталт гэтага не здзівіць мяне, — сказаў Дон-Кіхот, — бо, калі ты добра помніш, яшчэ і ў мінулы раз, калі мы тут спыняліся, я казаў табе, што ўсё, што здараецца тут, — зачаравана; не было-б нічога асаблівага, калі-б і цяпер паўтарылася тое самае.

— Усяму гэтаму я паверыў-бы, — сказаў Санчо, — калі-б і падкідванне мяне ўгару на коўдры было накшталт гэтага. Але яно не было ім, яно было сапраўды, і я бачыў, што гаспадар, — які і цяпер тут — трымаў адзін канец коўдры і падкідваў мяне да неба з такім-жа гучным смехам, як і з вялікай сілай. А там, дзе можна апазнаць людзей, я лічу, хаця я — грэшны і дурны чалавек, што няма ніякага чараўніцтва, а толькі многа сінякоў і вельмі многа незадачы.

— Ну, добра, — сказаў Дон-Кіхот, — бог гэтаму паможа.