Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/181

Гэта старонка не была вычытаная

Вось што сказала разумная Даратэя. Дон-Кіхот, выслухаўшы яе, павярнуўся да Санчо і з вялікім абурэннем абвясціў яму:

— Цяпер я скажу табе, Санчуэло, што ты — самы вялікі хітрун ва ўсёй Іспаніі! Скажы, злодзей, валацуга, ці не ты казаў мне нядаўна, нібыта гэтая прынцэса ператварылася ў простую дзяўчыну па імені Даратэя, а галава, якую я, як думаў, адсек у волата — у бурдзюк з віном, і другія таму падобныя недарэчнасці, прывёўшыя мяне ў вялікую замяшанасць, у якой калі-небудзь быў я? Але клянуся (і ён падняў вочы да неба і сцяў зубы), я гатоў так разграміць цябе, што ад гэтага паразумнелі-б усе ашуканцы-зброеносцы, колькі-б іх ні было ў вандроўных рыцараў.

— Заспакойцеся, міласць ваша, — адказаў Санчо, — вельмі мажліва, што я памыліўся адносна ператварэння сен’ёры прынцэсы Мікаміконы. Што-ж тычыцца галавы волата, або, прынамсі, падраных бурдзюкоў і таго, што кроў была чырвоным віном, я не памыляюся, клянуся богам, бо бурдзюкі стаяць падраныя ля згалоўя пасцелі вашай міласці, а ў пакоі цэлае возера чырвонага віна. Калі-ж не, вы даведаецеся пра гэта, калі яго міласць, гаспадар тутэйшага заезджага двара, падасць вам рахунак за страты. Што-ж да таго, што сён’ёра каралева асталася тым, чым была, я ўсёй душой гэтаму рады, бо я атрымаю сваю долю.

— Кажу табе, Санчо, — адказаў Дон-Кіхот, — што ты дурны; даруйце мне — і хопіць!

— Хопіць, — пацвердзіў дон Фернандо, — ні слова больш пра гэта. А з той прычыны, што сен’ёра прынцэса гаворыць, што нам трэба ехаць заўтра, бо сёння ўжо вельмі позна, мы так і зробім. Гэтую-ж ноч можна будзе правесці ў прыемнай гутарцы да надыходу дня, калі мы ўсе паедзем суправаджаць сен’ёра Дон-Кіхота. Мы ўсе хочам быць сведкамі харобрых і нечуваных учынкаў, якія ён зробіць.

— Гэта мне трэба было-б служыць вам і суправаджаць вас, — адказаў Дон-Кіхот. — Вельмі вам удзячны за зробленую мне ласку і за добрую думку пра мяне.