Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/185

Гэта старонка не была вычытаная

хто хоча мець поспех і быць багатым, няхай ідзе ў духоўны стан, або накіруецца ў мора, займаючыся гандлем, або паступіць на службу да караля ў яго палац. Кажу гэта з той прычыны, што я хацеў-бы, каб адзін з вас прысвяціў сябе славесным навукам, другі — гандлю, а трэці служыў-бы каралю на вайне, бо трапіць да яго на службу ў палац цяжка, а вайна хаця і не багаціць, затое можа даць вядомасць і славу. Праз тыдзень я кожнаму з вас выплачу яго частку наяўнымі грашыма. Скажыце мне, ці згодны вы прыняць маю прапанову і паслухацца маёй парады?

Мне, як старэйшаму, бацька загадаў адказаць першаму. Я сказаў, што гатоў падначаліцца яго жаданню, а маё жаданне — абраць ваенную кар’еру і служьць у ёй богу і майму каралю. Другі-ж брат, зрабіўшы бацьку тыя-ж прапановы, як і я, парашыў ехаць у Індыю, узяўшы сваю долю, і заняцца там гандлем. Малодшы брат, і, як мне здаецца, самы разважлівы, сказаў, што ён хоча ўступіць у духоўны стан або накіравацца канчаць пачаты ім курс навук у Саламанцы.

Калі мы такім чынам умовіліся і кожны абраў сабе сваю галіну дзейнасці, бацька пацалаваў усіх нас і хутка даў кожнаму з нас яго частку. У той-жа дзень мы ўсе трое развіталіся з добрым нашым бацькам, і з той прычыны, што мне здавалася бесчалавечным пакінуць яго, ужо старога чалавека, з такімі маленькімі сродкамі, я ўгаварыў яго ўзяць з маіх трох тысяч две тысячы чырвонцаў, бо тысячы, якая ў мяне асталася, было зусім дастаткова, каб забяспечыць мяне ўсім неабходным, як салдата. Адзін з нас накіраваўся ў Саламанку, другі — у Севілью, а я — у Алекантэ, дзе, як я даведаўся, знаходзіўся генуэзскі карабель, грузіўшы там шэрсць для Генуі.

Цяпер мінула дваццаць два гады, як я пакінуў дом майго бацькі, і на працягу ўсяго гэтага часу хаця я і напісаў некалькі лістоў, але не атрымаў ніякіх вестак ні пра бацьку, ні пра маіх братоў. Тое, што здарылася са мной за гэты час, я раскажу вам у кароткіх словах. Сеў я на карабель у Алікантэ і пасля плавання прыехаў у Геную, а адтуль па-