Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/190

Гэта старонка не была вычытаная

літве. Хрысціянка памерла і перад смерцю сказала мне, каб я паехала ў краіну хрысціян, і там я ўбачу дзеву Марыю, якая вельмі мяне любіць. Не ведаю, як трапіць туды. Многіх хрысціян бачыла я з гэтага акна, але ніхто не паказаўся мне рыцарам, апрача цябе. Я вельмі прыгожая і маладая, у мяне многа грошай, і я магу ўзяць іх з сабой. Падумай, ці зможаш ты зрабіць так, каб нам з табой паехаць, і ты будзеш там маім мужам, калі захочаш“.

Ренегат адразу-ж здагадаўся, што ліст знойдзены не выпадкова, а напісаны аднаму з нас; з гэтай прычыны ён нас прасіў даверыцца яму і ўсё яму сказаць, бо ён, каб здабыць нам волю, гатоў паставіць пад небяспеку сваё жыццё. Мы ўсе аднадушна згадзіліся і парашылі сказаць яму праўду. Мы паказалі яму акенца, з якога з’яўлялася чаротавая палка, а ён адзначыў сабе той дом і абяцаў прыкласці асобую і вялікую стараннасць, каб даведацца, хто там жыве. Разам з тым мы парашылі, што было-б добра адразу-ж адказаць на ліст маўрытанкі. Рэнегат напісаў тое, што я яму дыктаваў і цяпер паўтараю вам слова ў слова. Мы адказалі маўрытанцы наступнае:

„Ад майго імені і ад імені ўсіх тых хрысціян, якія тут са мной, абяцаю зрабіць для цябе ўсё, што толькі ў нашых сілах. Паведамі, што ты думаеш рабіць, і я табе адкажу, бо вялікі Алах паслаў нам палоннага хрысціяніна, які добра ўмее гаварыць і пісаць на тваёй мове. З гэтай прычыны можаш без усякай небяспекі паведамляць нас пра ўсё, пра што хочаш. Адносна-ж твайго жадання паехаць у хрысціянскія краіны і там зрабіцца маёй жонкай — абяцаю табе. Няхай хаваюць цябе, мая сен’ёра, Алах і Марыя, маці яго“.

Ліст быў напісаны і запячатаны, але мне давялося чакаць яшчэ два дні, пакуль бан’ё не апусцеў, як звычайна, і адразу-ж я накіраваўся да таго месца на маленькай тэрасе паглядзець, ці не з’явіцца чаротавая палка. Як толькі я яе прыкмеціў, хаця я і не мог бачыць, хто яе трымае, я паказаў ліст, жадаючы даць зразумець, каб прывязалі нітку. Але яна ўжо была прывязанай, я прымацаваў да яе ліст,