Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/195

Гэта старонка не была вычытаная

сваёй мове, што я — нявольнік яго сябра арнаута Мамі, і прышоў набраць зелля для салаты. Яна загаварыла са мной, запыталася, ці кабальеро я і па якой прычыне нявыкуплены. У адказ я сказаў, што ўжо ўнёс за сябе выкуп.

— А калі ты ад’язджаеш? — запыталася Сараіда.

— Думаю, што заўтра, — адказаў я, — бо тут французскі карабель, які заўтра падыме парусы, і я мяркую ехаць на ім.

— Напэўна ты жанаты ў сябе на рэдзіме, — сказала Сараіда, — і табе хочацца ўбачыцца з тваёю жонкаю.

— Не, — адказаў я, — я не жанаты, але даў слова ажаніцца, калі вярнуся на радзіму.

— Ці прыгожая тая дама, якой ты даў слова ажаніцца? — запыталася Сараіда.

— Такая прыгожая, — адказаў я, — што яна вельмі падобна на цябе.

Над гэтымі словамі бацька Сараіды ад душы рассмяяўся і сказаў:

— Клянуся Алахам, хрысціянін, твая нявеста павінна быць надзвычайна прыгожай, калі яна падобна на маю дачку, якая лічыцца першай красуняй ва ўсім каралеўстве. Паглядзі на яе добра, і ты ўбачыш, кажу я праўду або не.

У большай частцы гэтай гутаркі бацька Сараіды быў нам за перакладчыка, бо хаця Сараіда і сама гаварыла на той ломанай мове, якою карыстаюцца там, усё-ж яна часцей паказвала знакамі, як гаварыла словамі.

Покуль мы вялі гэтую гутарку, прыбег маўр і гучна крыкнуў, што цераз загароду саду пераскочылі чатыры туркі і рвуць фрукты, хаця яны яшчэ не паспелі. Бацька спалохаўся, а таксама і Сараіда, бо спалох перад туркамі ў маўраў амаль усеагульны і нібыта народжаны, асабліва спалох перад салдатамі.

Бацька сказаў Сараідзе:

— Дачка, ідзі ў дом і замкніся там, покуль я пайду гаварыць з гэтымі сабакамі; а ты, хрысціянін, збірай свае травы і ідзі сваёй дарогай.

Я пакланіўся яму, і ён пайшоў шукаць туркаў, пакінуўшы