Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/200

Гэта старонка была вычытаная

дымуць на ногі ўсю мясцовасць і даб’юцца таго, што за намі пашлюць у пагоню некалькі лёгкіх фрэгатаў, адрэжуць нам дарогу на зямлі і на моры, і мы не зможам выратавацца. Адзінае, што можна будзе зрабіць, гэта выпусціць іх на волю, калі мы прычалім да бліжэйшага хрысціянскага берагу. З гэтай думкай усе мы згадзіліся, і Сараіда ў тым ліку.

Падняўся свежы вецер, і мы былі прымушаны кінуць вёслы, нацягнуць парусы і ўзяць напрамак да Орана. Такім чынам пад парусамі мы ішлі больш васьмі міль у гадзіну, баючыся толькі аднаго: сустрэчы з карсарскім караблём. Звязаных маўраў накармілі, і рэнегат заспакоіў іх, паведаміўшы, што іх не пакінуць у палоне, а пры першым-жа зручным выпадку ім дадуць волю. Тое-ж было сказана і бацьку Сараіды, які адказаў:

— Усяго іншага я мог-бы чакаць ад вашага велікадушша і вашай праўдзівасці, о, хрысціяне, але каб вы далі мне волю — не думайце, быццам я такі просты, што паверу гэтаму!

Кажучы гэта, ён так горка заплакаў, што абудзіў ва ўсіх нас жаласць і прымусіў Сараіду глянуць на яго. Убачыўшы яго слёзы, яна была да таго расчулена, што падышла да бацькі, абняла яго, прыхілілася шчакой да яго шчакі, і абодва яны заліліся такімі горкімі слязмі, што многія з нас таксама заплакалі ўслед за імі. Але калі бацька яе ўбачыў, што на ёй такія раскошныя ўборы і так многа каштоўнасцей, ён сказаў ёй на сваёй мове:

— Што гэта азначае, дачка мая? Учора ўначы, раней як з намі здарылася страшэннае наша няшчасце, я бачыў цябе ў тваёй звычайнай хатняй вопратцы…

Рэнегат, не дачакаўшыся, што адкажа яму Сараіда, сказаў:

— Не пытайся, сен’ёр, нічога ў дачкі сваёй. Я адкажу на ўсе твае запытанні. Ведай, што яна — хрысціянка і была пілой, распілаваўшай нашы ланцугі, вызваліцельніцай нашай з палону. Знаходзіцца яна тут па добрай волі.

— Ці праўда тое, што ён гаворыць, дачка мая? — запытаўся маўр.