Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/201

Гэта старонка не была вычытаная

— Праўда, — даказала Сараіда.

— Ці праўда, — працягваў стары, — што ты — хрысціянка і аддала бацьку свайго ў рукі ворагаў яго?

На гэта Сараіда адказала:

— Праўда, што я — хрысціянка, але не па маёй віне трапіў ты ў сваё цяперашняе становішча.

І, звяртаючыся да Сараіды ў той час, як я і другі хрысціянін, моцна трымалі яго за рукі, каб ён не зрабіў якога-небудзь учынку, ён усклікнуў:

— О, брыдкае стварэнне! Куды ідзеш ты, аслепленая і ашалеўшая, аддаўшыся ва ўладу гэтых сабак, нашых ворагаў! Няхай будзе прокляты час, калі ты была зачата!

Пры першай мажлівасці я высадзіў яго разам з астатнімі маўрамі на бераг. Ён і адтуль працягваў гучна выкрыкваць скаргі і пракляцці, заклікаючы Алаха знішчыць нас. Калі мы адплылі, распусціўшы парусы, і не маглі чуць слоў яго, мы яшчэ бачылі, як ён рваў сабе бараду і валасы на галаве, біўся на зямлі, а раз ён зрабіў такое намаганне і так гучна ўзвысіў голас, што мы яшчэ пачулі наступныя яго словы:

— Вярніся, любая дачка, вярніся! Сыйдзі на бераг! Я ўсё табе дарую!

Усё гэта чула Сараіда. Яна не плакала, але магла адказаць толькі наступнае:

— Алаху вядома, што я не магла інакш зрабіць, як зрабіла.

Мы працягвалі сваё падарожжа, якое папутны вецер нам вельмі палегчыў; мы ўжо спадзяваліся на наступны дзень раніцою даплысці да берагоў Іспаніі. Раптам каля трох гадзін ночы мы ўбачылі пры святле ярка ззяўшага месяца круглае судно. Яно, нацягнуўшы ўсе парусы і некалькі адхіляючыся ад ветру ў бок, ішло насустрач нам і было ўжо так блізка, што нам прышлося спусціць парус, каб не здарылася сутычкі, а яны павінны былі налегчы на руль, каб даць нам дарогу. З палубы сустрэчнага нам карабля нас запыталі, хто мы, куды ідзем і адкуль. Але з той прычыны, што запытанні былі зроблены на французскай мове, наш рэнегат адказаў: „Не адказвайце ніхто, бо, безумоўна,