Старонка:Дон-Кіхот Ламанчскі (1935).pdf/208

Гэта старонка не была вычытаная

Незадоўга да надыходу золку да вушэй дам даляцеў такі меладычны і прыгожы голас, што прымусіў усіх іх уважліва прыслухацца, асабліва-ж Даратэю, якая не магла заснуць, і Клару дэ-Віедма, дачку суддзі. Хто так прыгожа спявае? Быў чутны адзін толькі голас, без акампанімента якога-б там ні было інструмента. Усім здавалася, што спяваюць на двары або ў стайні. Даратэя напружыла ўсю сваю ўвагу і разабрала, што спявалі наступнае:

Па хвалях кахання бязмежных,
Карабель кахання, плыву я;
Але мне не свеціць надзея,
Што магу ўвайсці я у гавань.

Дарогу сачу я па зорцы,
Што мне здалёку заззяла
Больш бліскуча і прыгожа,
Як ўсе зоры Палінуро.

Тваім ззяннем, о, зорка,
Толькі адным і жыву я.
І ў той момант, як пагаснеш.
У той момант і памру я…


РАЗДЗЕЛ ХХХІ,
у якім апавядаецца займальная гісторыя маладога пагоншчыка мулаў і іншыя дзіўныя падзеі, якія здарыліся на заезджым двары

Даратэі прышло ў галаву, што было-б шкада, калі-б Клара не пачула прыгожага гэтага голаса. Яна парашыла разбудзіць яе, сказаўшы:

— Прабач мяне, дзіця, што я цябе разбудзіла, але зрабіла я гэта, каб ты пачула лепшы голас, які, мажліва, ты калі-небудзь чула ў сваім жыцці.

Клара прачнулася і пачала ўважліва прыслухоўвацца. Але толькі пачула яна два радкі, спетыя спеваком, як яе ахапілі такія дзіўныя дрыжыкі, нібыта з ёю здарыўся прыпадак трасухі.

Моцна абняўшы Даратэю, яна сказала: