што ён роў, як бык, страціўшы надзею пазбавіцца нават і ўдзень ад сваёй пакуты, бо лічыў яе вечнай, а сябе зачараваным, у чым яшчэ больш пераканала яго тое, што Расінантэ за ўвесь гэты час нават не паварушыўся.
— Рыцар быў упэўнены, што яму і яго каню давядзецца, не піўшы, не еўшы і не спаўшы, прастаяць такім чынам да таго часу, покуль не мінуе дурны ўплыў сузор’яў або покуль другі, больш мудры чараўнік не здыме з іх чараўніцтва.
Толькі пачало віднець, як да заезджага двара пад’ехала чацвёра коннікаў, „добра ўзброеных“, з вінтоўкамі на сядзельнай луцэ. Яны пачалі моцна стукаць у зачыненыя вароты заезджага двара. Дон-Кіхот, убачыўшы гэта з сваёй вышкі, дзе ён не пакідаў лічыць сябе стаячым на варце, крыкнуў гучным, пагардлівым голасам:
— Рыцары і зброеносцы, або хто-б вы там ні былі! Вы не маеце права стукаць у вароты гэтага замка, ад’язджайце далей і пачакайце, калі канчаткова развіднее. Тады ўбачым, трэба або не адчыніць вам вароты.
— Які, да чорта, гэта замак, або якая гэта крэпасць, — сказаў адзін з коннікаў: — каб мы захоўвалі такія цэрамоніі. Калі вы гаспадар заезджага двара, дык загадайце адчыніць нам. Мы — праезджыя і хочам толькі аднаго: пакарміць нашых коней і ехаць далей, бо мы спяшаемся.
— Няўжо вы, рыцары, думаеце, што я падобны на гаспадара заезджага двара? — запытаў Дон-Кіхот.
— Не ведаю, на каго вы падобны, але ведаю, што вы гаворыце глупства, называючы гэты заезджы двор замкам.
— Гэта замак, — сказаў Дон-Кіхот, — і адзін з лепшых па ўсёй правінцыі. У гэтым замку знаходзяцца людзі, якія трымалі скіпетр у руках і мелі карону на галаве.
— Лепш было-б наадварот, — сказаў падарожнік, — скіпетрам па галаве і каронай па руцэ[1]. Напэўна, калі на тое
- ↑ Ён намякае на злачынцаў, якім выпальвалі ў выглядзе кляйма карону на руцэ.